Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выступы кандыдатаў у дэпутаты па ТБ і радыё пачынаюцца ў Беларусі

Ад панядзелка 21 кастрычніка пачынаюцца выступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання па тэлебачанні і радыё, паведамляе БЕЛТА.

Усе кандыдаты па Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, а таксама па горадзе Мінску атрымалі магчымасць выступіць на тэлеканале "Беларусь 3", а па Мінскай вобласці - на СТВ.

Выступы пройдуць у працоўныя дні па 6 лістапада. Працягласць кожнага абмежаваная пяццю хвілінамі. Па тэлебачанні яны будуць транслявацца ў вячэрні прайм-тайм - з 19.00 да 20.40. Выключэнне - 22 і 29 кастрычніка, калі эфірны час прадастаўляецца з 19.00 да 19.30, з улікам сеткі вяшчання тэлеканала "Беларусь 3".

Радыёвыступы можна будзе паслухаць з 7.00 да 8.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеліць "Радыё-Мінск", па Мінскай вобласці - радыёстанцыя "Мінская хваля". Тым, хто будзе вылучацца па іншых абласцях, час пададуць адпаведныя абласныя тэлерадыёкампаніі.

Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядучага вызначаюць тэлерадыёкампаніі. Эфірны час рэзервуецца з разліку не больш за пяць хвілін аднаму кандыдату.

Сваю перадвыбарчую праграму прэтэндэнты на месцы ў парламенце маюць права апублікаваць альбо ў адной з рэспубліканскіх газет ("Звязда", "Рэспубліка"), альбо адпаведнай абласной газеце, альбо ў гарадскіх ці раённых  газетах, якія выдаюцца на тэрыторыі іх акругі. Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней 27 кастрычніка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары