Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітацыйныя сустрэчы “галоўнага кандыдата ў парламент” на Верхнядзвіншчыне ўвагі выбаршчыкаў не прыцягнулі

Сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам Мікалаем Шаўчуком
Сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам Мікалаем Шаўчуком

Верагодны праўладны кандыдат у парламент па Полацкай-Сельскай акрузе №28 старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Шаўчук 31 кастрычніка запланаваў аж 10 сустрэч з выбаршчыкамі Верхнядзвінскага раёна.

Як паведамляе назіральніца кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Валянціна Болбат, самая ранняя і самая кароткая сустрэча прайшла ў раённым ЖКГ: у графіку, атрыманым з акруговай камісіі, яна была спланаваная з 7.35 да 7.50.

Наступная сустрэча павінна была адбыцца ў 11.00 ў Запруддзеўскім сельскім Доме культуры. На дзвярах была аб’ява пра сустрэчу, але калі назіральніца прыехала, сустрэла аднаго з чыноўнікаў і запытала яго: “Ці прыйдуць людзі?”

У адказ пачула: “Рабочы ж дзень. А тыя, хто не працуе, не дужа цікавяцца выбарамі”.

На сустрэчу з кандыдатам Мікалаем Шаўчуком у мясцовай установе культуры прыйшло аж 20 чалавек. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Севалкінай Т.В., якая суправаджала кандыдата, астатнія прэтэндэнты - а іх пяць па гэтай выбарчай акрузе - не стаяць у чарзе на сустрэчы з выбаршчыкамі. Ды і сустрэча з Шаўчуком цягнулася не болей 30 хвілін. Прагучала некалькі пытанняў. У тым ліку Валянціна Болбат запыталася ў кандыдата пра ягонае меркаванне наконт "дармаедскіх дэкрэтаў", падвышэння пенсійнага ўзросту, да якога многія не дажываюць, гаротнага стану нашай медыцыны і адукацыі. На што пачула стандартныя адказы чыноўніка, пра тое, як дзяржава зараз клапоціцца, каб даць працу тым, хто патрапіў у спіс “дармаедаў”. Спасылкі кандыдата на высокі ўзрост выхаду на пенсію ў Германіі, на погляд назіральніцы, нават не вытрымліваюць крытыкі.

“А сцвярджэнне пра тое, што  гэтымі выбарамі "Мы абіраем сваю будучыню", можа стаць мемам. Бо кожны раз выбіраем, выбіраем, а лепшая будучыня ўсе далей і далей адыходзіць ад нас”, - адзначае назіральніца.

Цікава, што даверанымі асобамі Мікалая Шаўчука з’яўляюцца адказныя асобы з райвыканкамаў. “Пальму першынства” тут трымае Міёрскі выканкам: даверанымі асобамі гэтага кандыдата з’яўляюцца дэпутат райсавета, старшыня камісіі аграпрамысловага комлекса, член прэзідыўма раённага Савета дэпутатаў, намеснік начальніка Міёрскага ўпраўлення, начальнік аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Андрэй Батура, старшыня Міёрскага раеннага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы Міёрскага райвыканкама Аксана Падзява.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары