Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Гародні прайшлі паслявыбарчыя пасяджэнні АВК. Не абышлося без жарсцяў

Выбары скончыліся, але жарсці не ўлягліся. Апазіцыйныя і незалежныя кандыдаты не задаволеныя працэсам падліку галасоў, ды і ўсім ходам выбарчага працэсу, паведамляюць пра шматлікія парушэнні. Яны працягваюць пісаць скаргі і звяртацца ў камісіі, пракуратуру, суды. 

Вось і ў Гародні першае паслявыбарчае пасяджэнне Гарадзенскай-Цэнтральнай акруговай камісіі № 51 не прайшло без скандалу. Прысутнічалі сябры камісіі, назіральнікі, некаторыя давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты і амаль усе кандыдаты ў дэпутаты па АВК № 51 Вадзім СаранчукоўУладзімір АрцыманУладзімір Мікалута, і новая, яна ж і былая дэпутатка Лілія Кір’як

Напачатку камісія разгледзела некаторыя скаргі, у тым ліку і скаргі прадстаўніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, назіральніка па АВК № 51 Віктара Сазонава, і другога назіральніка ад гэтай кампаніі па УВК № 17 Уладзіміра Хільмановіча. Скаргі не былі задаволеныя. У адной факт пражывання асобы, указанай у скарзе, на канкрэтным адрасе не пацвердзіўся, іншыя былі незадаволеныя па іншых прычынах. 

Падчас агучвання вынікаў выбараў і віншаванняў з боку камісіі новага і былога дэпутата Ліліі Кір’як сталі разносіцца воклічы “Ганьба”, а прысутны тут Мікалай Салянік паспрабаваў пасаромець дэпутата і выказаўся, што ўсе тут прысутныя ведаюць як і кім збіраліся галасы для яе выйгрышу. Саляніка падтрымалі і яшчэ некалькі прысутных. Лілія Кір’як напэўна не чакала такой рэакцыі, але паспрабавала сказаць, што ёй не сорамна перад сваімі выбаршчыкамі, чым яшчэ больш распаліла жарсці, якія не сціхалі і пасля заканчэння пасяджэння, калі прысутныя выйшлі на калідор. Ліліі Кір’як нават прыйшлося вярнуцца назад, у зал пасяджэння камісіі.

У бок камісіі таксама прагучалі жорсткія выказванні. Прагучалі словы і “люстарацыя” і “суд”.

На іншых АВК Гародні, дзе прысутнічалі назіральнікі ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, першыя паслявыбарчыя пасяджэнні прайшлі у больш спакойным рэжыме.

На пасяджэнні АВК № 49 аднагалосна зацвердзілі вынікі выбараў. Былі разгледжаныя скаргі кандыдатаў па гэтай акрузе Артура Рымшы і Жаны Гасцяевай па непрызнанню падліку галасоў на ўчастках. У скаргах указвалася, што на выбарчых участках бюлетэні не паказвалі ўсім прысутным давераным асобам і назіральнікам. Падлік вёўся за 4-9 метраў ад назіральнікаў, за сталамі, вакол якіх стаялі члены УВК, абступіўшы іх так, што назіральнікі нічога істотнага не маглі ўбачыць. Але скаргі не задаволілі.
Вяла пасяджэнне старшыня АВК №49 Ірына Мірановіч (кіраўнічка справамі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гародні). Сакратар Наталля Чыкава (намесніца дырэктара па выхаваўчай працы СШ №33).

Пасяджэнне АВК № 52 было яшчэ спакайнейшым. Ні скаргаў, ні жарсцяў. Зачыталі пратакол, сказалі, што выбары адбыліся і распусцілі ўсіх па хатах. Управіліся правесці пасяджэнне за 10 хвілін.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары