Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Што трэба ведаць пра пачатак афіцыйнай выбарчай кампаніі?

Лідзія Ярмошына на паседжанні ЦВК 6 жніўня.
Лідзія Ярмошына на паседжанні ЦВК 6 жніўня.

На першым пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў 6 жніўня было разгледжана каля 19 пытанняў. Выкладаем тэзісна змест самых важных з іх.

1. Ці пачалася ўжо афіцыйная кампанія?

Па словах Ярмошынай, выбарчая кампанія стартавала з падпісаннем указаў Прэзідэнта № 293 і № 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

"Сёння першае паседжанне ЦВК у межах афіцыйнай кампаніі. Першы крок кампаніі — стварэнне акругоў", — адзначыла старшыня.

Стварэнне акруговых і Мінскай гарадской, абласных камісій плануецца да 2 верасня ўключна.

Нагадаем, што 6 жніўня паралельна распачалася кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

2. Калі можа распачынацца вылучэнне кандыдатаў?

Як сказала Лідзія Ярмошына, дакументы ад кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу будуць прымацца пасля таго, як будуць сфарміраваныя камісіі, гэта значыць з 3 верасня. 

3. Па якіх прычынах могуць не зарэгістраваць ініцыятыўныя групы?

Самае частая нагода для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — адсутнасць дабравольнасці пры фарміраванні такіх груп, адзначыла старшыня ЦВК.

"Людзі павінны ўваходзіць у выбары дабраахвотна. Калі камісія дазнаецца, што чалавек не ведае, што яго прыцягваюць да выбараў, то адразу адмовяць. Але, калі ёсць час і тэрміны, то кандыдаты могуць выправіць гэтую інфармацыю".

4. Ці будуць выконвацца рэкамендацыі АБСЕ?

Па словах Ярмошынай, рэкамендацыі АБСЕ выконваюцца заўсёды. Але ёсць частка рэкамендацый, у тым ліку тыя, якія прадугледжваюць публічную дэманстрацыю бюлетэняў пры падліку, можа быць улічана толькі нормамі беларускага закона.

5. Колькі плануецца выдзеліць грошай для правядзення выбараў?

На паседжанні ЦВК была названая сума каля 23 мільёнаў беларускіх рублёў, якая будзе пераведзена з рэспубліканскага бюджэту.

"Фінансаванне павялічылася ў параўнанні з выбарамі 2016 года. Гэта звязана з ростам сярэдняга заробку ў краіне". Як сказала Ярмошына, гэта ідзе размова пра ўсе выбарчыя кампаніі.

Напрыклад, на працу адной акружной камісіі прадугледжана каля 21 тысячы беларускіх рублёў. З усёй сумы — 78% пойдзе на заробкі сябрам камісій. Як распавяла Ярмошына, камісіі пачынаюць працу пакуль у крэдыт:

"У тыпаграфіі ўжо друкуюцца метадычныя тлумачэнні. Мы ім пералічым грошы, калі нам яны прыйдуць з рэспубліканскага бюджэту. У нас усё строга. Ні капейкі ў бок. Ніколі не было чуваць пра злаўжыванні якія-небудзь", — дадала Ярмошына.

6. Ці будуць запрошаныя замежныя назіральнікі?

Як распавяла Ярмошына, МЗС ужо накіраваў лісты аб запрашэнні міжнародных назіральнікаў у Парламенцкую Асамблею АБСЕ, у выканкам СНГ і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. То бок назіральнікі ад міжнародных арганізацый ужо запрошаныя. ЦВК таксама накіруе запрашэнні сваім калегам з усіх краін СНГ, а таксама Украіны, Грузіі і Карэі. Таксама плануецца запрасіць для назірання сяброў з Сусветнай асацыяцыю па арганізацыі выбараў.

Лічбы назіральнікаў пакуль невядомыя, бо яны самі фарміруюць місіі. Што тычыцца беларускіх назіральнікаў, то іх плануецца каля 40 тысячаў.

"Інстытут назіральнікаў працуе ў Беларусі, развіваецца і цалкам суадносіцца з міжнароднай практыкай", — адзначыла старшыня ЦВК.

Наступнае пасяджэнне ЦВК плануецца правесці ў канцы жніўня, паведаміла Ярмошына.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары