Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Хто яшчэ вырашыў згуляць у выбарчую рулетку?

Першы выбарчы супольны пікет правацэнтрысцкай кааліцыі 18 студзеня 2018 года.
Першы выбарчы супольны пікет правацэнтрысцкай кааліцыі 18 студзеня 2018 года.

Да выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Беларусі засталося 96 дзён. Прадстаўнікі асноўных апазыцыйных партыяў ужо заявілі аб удзеле ў сёлетняй выбарчай кампаніі. А што з грамадска-палітычнымі рухамі?

Пра свой удзел у выбарчай кампаніі заявіў рух за мірныя перамены "Гавары праўду”. “Мы пачынаем выбарчую гонку ў Палату прадстаўнікоў Беларусі”, — заяўляецца на афіцыйным сайце руху. Як паведамляецца, ужо сфармаваны нацыянальны выбарчы штаб "Гавары праўду", які ўзначаліў Сяргей Вазняк.

Пра свой намер балатавацца ў дэпутаты распавёў “Нашай Ніве" лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Палітык кажа, што пакуль не прыняў канчатковага рашэнне, дзе менавіта ён будзе балатавацца:

“Альбо гэта будзе адна з акругаў у Менску, пакуль не скажу якая менавіта, альбо ў Дзяржынску, дзе я балатаваўся ў мінулы раз”.

Сустаршыня "ГП" Таццяна Караткевіч пакуль не вызначылася з мэтазгоднасцю свайго ўдзелу ў выбарах.

Што тычыцца Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, то пакуль на афіцыйным сайце аргкамітэта партыі адсутнічае інфармацыя аб удзеле ў выбарчай кампаніі. Але як паспеў паведаміць “Нашай Ніве” сустаршыня БХД Павел Севярынец частка сябраў БХД будзе вылучацца, а частка байкатуе выбарчую кампанію. Сам ён не плануе ўдзельнічаць у выбарах.

Аб удзеле у выбарчай кампаніі-2019 Руху «За Свабоду» таксама стала вядома з матэрыла “Нашай Нівы”. Кіраўнік руху Юрась Губарэвіч распавёў, што балатавацца  будзе па месцы жыхарства — Першамайскім раёне Мінска. “Гэта будзе 107 ці 108 акруга”, — гаворыць ён. Афіцыйны сайт руху пакуль апублікаваў інфармацыю толькі пра пачатак кампаніі па назіранні за выбарамі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары