Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Ці законна дэпутаты не дасядзелі свой тэрмін на 11 месяцаў?" Пытанне ставіць юрыст

Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org
Праваабаронца Гары Паганяйла. Фота: irp-blr.org

Юрыст РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт Гары Паганяйла звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з ініцыятыўным зваротам аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта. Справа тычыцца ўказаў Прэзідэнта №293 і 294 ад 5 жніўня аб прызначэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі на 17 і 7 лістапада 2019 г. адпаведна.

Як адзначалі нядаўна праваабаронцы, гэтыя ўказы парушаюць канстытуцыйную норму пра тэрмін паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, істотна скарачаюць тэрмін паўнамоцтваў дзеючага Парламента і з'яўляюцца ўмяшальніцтвам у дзейнасць органа заканадаўчай улады.

Сыходзячы з гэтага, юрыст просіць Палату прадстаўнікоў разгледзець ягоны зварот і прыняць рашэнне аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці ўказаў Прэзідэнта аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Аналагічную скаргу аб парушэнні правоў выбаршчыка Гары Паганяйла накіраваў і ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК).

Гісторыя пытання

Яшчэ напачатку ліпеня, да падпісання Прэзідэнтам спрэчных указаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта з аналізам палажэнняў норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з якіх бачна, што ніякіх падстаў і выключэнняў для датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента шостага склікання, абранага на чатыры гады ў верасні 2016 года, няма. Не прадугледжаныя яны і іншымі актамі заканадаўства, прынятымі на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Гэты зварот Адміністрацыя перанакіравала ў ЦВК і старшыня Камісіі Лідзія Ярмошына даслала праваабаронцам дзяжурную адпіску аб тым, што “нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усталёўваюць толькі гранічна пазнейшыя тэрміны для правядзення выбараў і не ўтрымліваюць патрабаванняў, якія абмяжоўваюць больш ранні перыяд іх правядзення».

Аднак не ўсё так проста, прыходзіць да высновы Гары Паганяйла.

У сваім звароце ён нагадвае заканадаўцам аб тым, што “для органаў дзяржаўнай улады і службовых асоб - абавязак дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства ў дакладнай адпаведнасці з іх паўнамоцтвамі і ў парадку, устаноўленым законам. Ўсялякае адступленне ад устаноўленых прадпісанняў, ёсць ні што іншае як перавышэнне службовых паўнамоцтваў, злоўжыванне ўладай”.

Ці законна дэпутаты не дасядзелі свой тэрмін на 11 месяцаў?

Канстытуцыяй Беларусі размежаваныя паўнамоцтвы Прэзідэнта і Парламента ў вырашэнні пытанняў аб правядзенні выбараў. Першы прызначае выбары ў Парламент і мясцовыя прадстаўнічыя органы (п. 2 арт. 84), другі – Кіраўніка дзяржавы (п. 3 арт. 97). Размежаванне дадзеных кампетэнцый накіравана на выключэнне парушэнняў тэрмінаў і парадку правядзення выбараў, іх перыядычнасці, устаноўленых нормамі Канстытуцыі і выбарчым заканадаўствам.

А ў раздзеле IV Канстытуцыі выразна і адназначна ўстаноўлены тэрміны паўнамоцтваў Прэзідэнта і Парламента, парадак іх абрання з указаннем канкрэтных часавых межаў па правядзенні выбараў, моманту, калі яны прыступаюць да выканання сваіх паўнамоцтваў. Нагадаем, Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў, Парламент – на чатыры гады.

Сыходзячы з гэтага і паколькі першая сесія палат Нацыянальнага сходу шостага склікання пачала работу 11 кастрычніка 2016 г., то павінна завяршыць свой чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў ня пазней за 11 кастрычніка 2020 года.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Законам “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”, Законам “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь” палаты Нацыянальнага сходу не могуць быць распушчаны:

а) у перыяд надзвычайнага або ваеннага становiшча;

б) у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта;

в) у перыяд вырашэння палатамi пытання аб датэрміновым вызваленні або зрушэнні Прэзідэнта з пасады;

г) на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў.

"Ніякіх іншых падстаў і выключэнняў для падаўжэння тэрміну паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі або датэрміновага іх спынення ні Канстытуцыяй, ні якімі-небудзь іншымі заканадаўчымі актамі не прадугледжана," – заяўляе  юрыст. – Для ўсіх з'яўляецца відавочным: змяшчэнне тэрмінаў выбараў, прызначаных на 7 і 17 лістапада 2019 года, прывядзе да парушэння тэрмінаў адкрыцця першай сесіі па даце (2 кастрычніка), прама названай у Канстытуцыі".

Вось і выходзіць, што дэпутаты папярэдняга склікання ня дапрацуюць 11 месяцаў, г.зн. адну чвэрць свайго канстытуцыйнага тэрміну без якіх-небудзь прававых абгрунтаванняў. Між тым, функцыянаванне Парламента на працягу чатырох гадоў з'яўляецца не толькі канстытуцыйным нарматывам (загадам), але і, перш за ўсё, рэалізацыяй права грамадзян Рэспублікі Беларусь як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў ўдзельнічаць у кіраванні сваёй краінай (артыкулы 37, 38 Канстытуцыі) . Такі падыход цалкам адпавядае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 25) і Дакументу Капенгагенскай нарады канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ.

Юрыст такім чынам прыходзіць да высновы, што парадак правядзення сесій палат Парламента выразна ўрэгуляваны ў заканадаўстве, у тым ліку па датах пачатку іх працы. Змяшчэнне тэрмінаў чарговых выбараў, якое прывядзе да парушэння устаноўленых тэрмінаў адкрыцця першай сесіі новаабранага парламенту, - гэта парушэнне, якое супярэчыць палажэнням Канстытуцыі, iншым законам, прынятым на яе аснове.

Гары Паганяйла просіць у сваім ініцыятыўным звароце разгледзець на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі скаргу і прыняць матываваную пастанову па ўсіх пытаннях, закранутых у ім.


Каментары