Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Куды падзеліся берасцейскія выбаршчыкі?

Фота з сайту trakt.by
Фота з сайту trakt.by

У Брэсце заўважана істотнае скарачэнне колькасці выбаршчыкаў. Як адзначае назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Вялічкін, скарачэнне адбылося па ўсіх акругах горада.

Так, на Брэсцкай-заходняй выбарчай акрузе №1 на мінулых парламенцкіх выбарах 2016 года налічвалася 71005 выбаршчыкаў, а ў 2019 годзе – 68801 (колькасць скарацілася на 2204 выбаршчыка). На Брэсцкай-цэнтральнай выбарчай акрузе №2 – 63319 у 2016 годзе і 57459 у бягучым (скарацілася на 5860 выбаршчыкаў). І па Брэсцкай-усходняй выбарчай акрузе №3 падчас папярэдняй парламенцкай кампаніі было 62517 выбаршчыкаў, а ў 2019 годзе - 60524 (скарацілася на 1993 выбаршчыка).

Агулам па ўсіх акругах Брэста на парламенцкіх выбарах 2019 года змогуць прагаласаваць на 10057 выбаршчыкаў меней, чым было на аналагічных выбарах 2016 года. У працэнтных суадносінах колькасць выбаршчыкаў у Брэсце скарацілася на 5,135%.

Цікава, што калі паглядзець агульную колькасць насельніцтва Брэста за 2016 і 2019 гады, то пабачым зусім іншую тэндэнцыю. Так, на 1 студзеня 2016 года ў абласным цэнтры пражывала 340 100 чалавек, а на 1 студзеня 2019 года ўжо 350 616. То бок за гэтыя тры гады насельніцтва горада вырасла на 10516 чалавек.

Дык калі насельніцтва горада вырасла, то адкуль такое скарачэнне колькасці выбаршчыкаў?

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары