ЦВК не дазволіла віцебскаму назіральніку праводзіць відэафіксацыю падчас выбараў
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Віцебска Леанід Свецік звярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію з заявай, у якой запытаўся дазволу на правядзенне відэафіксацыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Палаты прадстаўнікоў, працы выбарчых камісій на ўсіх стадыях выбарчага працэсу, а таксама фіксацыю на ціфравую відэакамеру галасавання грамадзянаў на ўчастках.
У сваёй заяве Леанід Свецік кіруецца ч. 1 арт. 13 Выбарчага кодэксу - "адкрытасць і галоснасць падрыхтоўкі і правядзення выбараў", а таксама арт. 34 Канстытуцыі і арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якіх замацавана права кожнага грамадзяніна атрымоўваць і распаўсюджваць поўную, даставерную і своечасовую інфармацыю.
Праз тры дні ЦВК адказала праваабаронцу, што згодна з выбарчым заканадаўствам і заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі толькі прадстаўнікі СМІ маюць права фатаграфаваць, праводзіць відэаздымку на паседжаннях выбарчых камісій, у памяшканнях для галасавання.
“Назіральнікі ўправе з дазволу старшыні выбарчай камісіі і ў вызначаным ім месцы зрабіць некалькі фотаздымкаў працэдуры галасавання, калі гэта не перашкаджае членам камісіі і выбаршчыкам”, - падкрэсліваецца ў адказе ЦВК.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць, што ў адказе за подпісам Лідзіі Ярмошынай не ўдакладняецца колькасць дазволенных здымкаў, нічога не гаворыцца пра магчымасць відэафіксацыі, а таксама пра тое, якімі крытэрамі павінен кіравацца старшыня камісіі, каб дазволіць ці забараніць здымку. Варта адзначыць, што пытанне аб праве назіральнікаў весці фота- і відэаздымкі ў памяшканнях для галасавання і на пасяджэннях выбарчых камісій з’яўляецца прадметам даўняй дыскусіі паміж прадстаўнікамі кампаніі і ЦВК.
Што тычыцца прынцыпа галоснасці, замацаванага ў арт. 13 ВК, то ЦВК удакладняе, што ён раскрываецца ў канкрэтных нормах Кодэкса, у прыватнасці наяўнасці ў выбарчым працэсе інстытута назіральнікаў, сістэматычнай публікацыяй у СМІ і ў Інтэрнэце пастановаў ЦВК, рашэнняў дзяржорганаў аб стварэнні выбарчых камісій, інфармацыі пра кандыдатаў у дэпутаты, пра вынікі выбараў і інш.
“У сувязі з атрыманым адказам мы ў чарговы раз адзначаем, што арт. 13 ВК не ўтрымлівае забаронаў у частцы вядзення фота- і відэаздымкі назіральнікамі. Адпаведна, паколькі выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае такіх забаронаў, назіральнікі маюць права гэта рабіць, прычым без адпаведных дазволаў старшыняў выбарчых камісій.
Фота- і відэаздымка падчас правядзення галасавання, падліку галасоў, выраб фотакопій пратаколаў аб выніках галасавання будзе толькі спрыяць атмасферы галоснасці пры правядзенні выбараў і даверу да іх вынікаў з боку беларускага грамадства”, - адлюстроўваюць сваё меркаванне праваабронцы ў тыднёвай аналітычнай справаздачы па выніках назірання.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.