Другое пасяджэнне ЦВК: самае важнае
На чарговым пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якое прайшло 28 жніўня, было разгледжана некалькі пытанняў: выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарчай агітацыі, парадку дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, што вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а таксама пытанні стварэння кандыдатамі ў дэпутаты ўласных выбарчых фондаў.
На пасяджэнні было зацверджана Палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў дэпутаты і Палажэнне аб выбарчым фондзе кандыдата ў дэпутаты. Таксама была разгледжана інфармацыя пра Назіральны савет па кантролю за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі у СМІ і некаторыя іншыя пытанні.
У Назіральны савет па кантролю за захаваннем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі у СМІ ўключаны старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец.
Кажучы пра парадак дэкларавання даходаў і маёмасці асобамі, што вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, загадчык аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай працы ЦВК Г. Мкртычан паведаміла, што "не могуць адмовіць у рэгістрацыі кандыдату, які ў дэкларацыі забыў пазначыць кошт прафсаюзнай пуцёўкі на адпачынак, не ўказалі суму аднаразовай дапамогі ад арганізацый, кампенсацыі на метадычную літаратуру, указанне кошту акцый у большым памеры...". А вось калі прэтэндэнт у кандыдаты занізіў у дэкларацыі кошт акцый, то праблемы з рэгістрацыяй могуць узнікнуць. Таксама было агучана, што калі кандыдат паказаў меншую суму, чым атрымаў папраўдзе, то высветляць, на колькі адсоткаў ён памыліўся. Калі памылка меншая, чым 20% ад усёй сумы, то гэта не паўплывае на ягоную рэгістрацыю.
Права выбаршчыкаў на інфармацыю і Закон "Аб абароне персанальных дадзеных"
Апроч усяго, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на суадносіны выбарчага заканадаўства і новага Закона "Аб абароне персанальных дадзеных". У прыватнасці, гэта тычылася каштоўных папер, па якім цяпер згодна з палажэннямі Закона "Аб абароне персанальных дадзеных" нельга прадстаўляць выбаршчыкам інфармацыю.
"Хоць, здаецца гэта дзяжурнай Пастановай [заўвага — Аб растлумачэнні парадку дэкларавання даходаў маёмасці асобамі, вылучанымі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў], але яно зусім няпростае. З аднаго боку — права выбаршчыкаў атрымліваць інфармацыю, з другога — Закон "Аб абароне персанальных дадзеных", — адзначыла Ярмошына.
Як сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, што "кожная выбарчая кампанія дапаўняецца канструктыўнай прапановай ад кандыдатаў у дэпутаты". Так, дзякуючы прапановам кандыдатаў у дэпутаты папярэдняй выбарчай кампаніі, ЦВК зацвердзіла палажэнне, згодна з якім можна будзе пералічваць грошы ў выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты з дапамогай інтэрнэт-банкінгу. Раней гэта можна было зрабіць толькі класічным спосабам — праз банк. А вось папаўненне фондаў кандыдатаў праз інфакіёск па-ранейшаму не прадугледжана.
Назіральная місія АБСЕ
Акрамя гэтага, Ярмошына паведаміла, што Місія па ацэнцы патрэбаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) ужо вывучае ход падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Беларусі. Старшыня ЦВК распавяла пра сустрэчу з экспертамі міжнароднай арганізацыі:
"Яны цікавіліся, якія пастановы прыняла Цэнтральная камісія, складаннем спісаў выбаршчыкаў, ці змянілася што-небудзь у гэтым плане. Гэта была азнаямляльная размова".
Пакуль невядома, калі ў Беларусь прыедуць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі арганізацыі. Эксперты ацэначнай місіі даложаць аб выніках сваёй працы ў Беларусі кіраўніцтву, а пасля гэтага ўжо будзе прымацца рашэнне, патлумачыла Лідзія Ярмошына.
Наступная пасяджанне плануецца прыкладна 24 верасня. Як паведаміла старшыня ЦВК, яно будзе прысвечана пытанню ўдзелу ў выбарчай кампаніі людзей з інваліднасцю.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.