Выбары на Віцебшчыне: кампанія пачалася з пасіўнасці партый і насельніцтва
Прайшло ўжо два тыдні, як стартавала кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Аднак у Віцебску не назіраецца заўважнай актывізацыі суб'ектаў выбарчага працэсу, паведамляе "Віцебская Вясна".
Самымі актыўнымі ў гэтай справе можна назваць улады, якія ўключылі для забеспячэння выбарчага працэсу арганізацыйныя рэсурсы.
На сайтах органаў выканаўчай улады з'явіліся адмысловыя раздзелы для інфармавання грамадзян аб ходзе выбарчай кампаніі. Дзяржаўныя СМІ зладжана перанялі прыклад сваіх заснавальнікаў – інфармацыйна падтрымліваюць электаральную кампанію.
Напрыклад, сайт гарадской дзяржгазеты “Віцьбічы” ужо апублікаваў тузін матэрыялаў, прысвечаных выбарам дэпутатаў-“палатнікаў”. Аднак, калі меркаваць па колькасці праглядаў гэтых артыкулаў (ад 50 да 500), можна прыйсці да высновы, што жыхары Віцебску мала цікавяцца будучымі выбарамі.
Зробленыя ўладамі захады для інфармавання выбаршчыкаў праз вулічную плакатную агітацыю малаэфэктыўныя, бо плакатаў мала і яны невялікага памеру.
Палітычныя партыі, якія мусілі б праяўляць максімальную актыўнасць, бо зацікаўленыя ў рэалізацыі сваіх праграмаў і лідарскіх амбіцый, праяўляюць да цяперашняй кампаніі практычна нулявую цікавасьць. У СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах адсутнічаюць крэатыўныя акцыі і гучныя заявы, якія б прыцягвалі ўвагу патэнцыйных выбаршчыкаў.
“Надзвычай млявая!..” – так ацаніў пачатак выбарчай кампаніі праваабаронца і пастаянны незалежны назіральнік за выбарамі Леанід Свецік.
“Гэта ўжо шостыя выбары ў парлямэнт, за якімі я назіраю. І гэтыя выбары, у адрозненні ад усіх папярэдніх, пачаліся з адсутнасці якой-небудзь цікавасці да іх з боку палітычных партый і выбаршчыкаў.
Мяркую, што гэта вынік планавай палітыкі дзяржавы ў адхіленні палітычных партый і рухаў ад паўнавартаснай палітычнай дзейнасці. Рэпрэсіі ў дачыненні да партыйных актывістаў, адсутнасць у партыйных лідараў доступу да дзяржаўных СМІ, адсячэнне магчымасцяў фінансавацца за кошт мясцовых бізнэс-структур – вось асноўныя прычыны змярцвення палітычнага жыцьця на Віцебшчыне”, – гэтак праваабаронца ахарактарызаваў жаласную сытуацыю ў палітычным сэктары рэгіёну.
Млявы старт выбарчай кампаніі можна патлумачыць і сезонам летніх адпачынкаў і падрыхтоўкі да навучальнага году. Але станоўчую дынаміку кампанія па выбарах можа атрымаць пасля ўтварэння 1 верасня Віцебскай абласной выбарчай камісіі, а ў межах вобласці – 14-ці акруговых камісій.