Гомель. Дэмакраты ўдзельнічаюць у выбарах
2 верасня ў Гомельскім аблвыканкаме адбудзецца сумеснае пасяджэнне прэзідыума Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта па пытаннях стварэння ў рэгіёне тэрытарыяльнай (Гомельскай абласной) і акруговых выбарчых камісій, паведамляе "Гомельская Вясна".
Па паведамленні доўгатэрміновага назіральніка па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе №35, ўдзельніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніда Судаленка ў Гомельскім рэгіёне ўтворана 17 выбарчых акругаў, 6 з якіх утвораны непасрэдна ў Гомелі і 11 у вобласці.
Незалежны назіральнік адзначае актыўнасць дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у рэгіёне па вылучэнні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльнай і акруговых выбарчых камісій.
На дадзеным этапе сярод партый і аб'яднанняў лідзіруе Партыя левых “Справядлівы свет”, якая вылучыла сваіх прадстаўнікоў у склад кожнай з 17 выбарчых камісій. У склад Гомельскай абласной выбарчай камісіі ад партыі левых вылучаны экс-старшыня абласнога камітэта партыі Уладзімір Сякерка.
Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) вылучыла сваіх прадстаўнікоў у 5 выбарчых камісій рэгіёну. У прыватнасці, у склад абласной камісіі дэмакраты прапануюць старшыню абласной арганізацыі АГП Зінаіду Шуміліну.
Сярод дэмакратычна настроеных грамадскіх аб'яднанняў у рэгіёне лідзіруе Рух “За Свабоду”. Яны таксама вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад кожнай з 17 выбарчых камісій рэгіёну. У абласную выбарчую камісію ад гэтай НДА вылучаны жыхар Гомеля Андрэй Толчын.
Грамадскае аб'яднанне “Гавары праўду” у рэгіёне прэтэндуе на 10 месцаў у акруговых выбаркамах. У абласную камісію яны накіравалі жыхара Рэчыцы Яўгена Жукава.
2 верасня пасля 16.00 гадзін стане вядома, каго з дэмакратаў уключаць у склады выбарчых камісій Гомельскага рэгіёну.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.