Дэмакраты Гарадзеншчыны спрабуюць патрапіць у ТВК і АВК
31 жніўня, у суботу, у Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэце адбудзецца супольнае паседжанне прэзідыума Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта па стварэнні ў рэгіёне тэрытарыяльнай (Гарадзенскай абласной) і акруговых выбарчых камісій.
Дэмакратычныя сілы Гарадзеншчыны павылучалі ў склад камісій, які будзе зацвярджацца ўладнымі структурамі, сваіх прадстаўнікоў. Кіраўнік Гарадзенскай структуры Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў, што арганізацыя вылучыла ў згаданыя камісіі 6 прадстаўнікоў – у АВК акругаў № 51, 55, 56, 59. Прычым па акрузе №51 – рознымі спосабамі вылучэння ажно трох чалавек.
Гарадзенская АГП, па словах новага абласнога кіраўніка Мікалая Уласевіча і кіраўніка Гарадзенскай гарадской арганізацыі Уладзіміра Пруднікава вылучыла аднаго прадстаўніка ў абласную, і 5 – у акруговыя камісіі.
Гарадзенская БСДП Грамада вылучыла двух чалавек на акругі № 51, і № 60.
Структура “Гавары праўду” са слоў абласнога кіраўніка Зміцера Бандарчука вылучыла 1 чалавека ў абласную камісію.
Таксама вылучаны ў склад адной з камісій прадстаўнік БХД Мікалай Баўсюк. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” паводле слоў абласнога кіраўніка Паўла Станеўскага вылучыла 6 чалавек на акругі № 49, 50, 51, 55, 56, 58.
Іншыя дэмакратычныя партыі Гарадзеншчыны альбо не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у ТВК і АВК, альбо не падзяліліся інфармацыяй.
Гарадзенскія прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць пэўную паспешлівасць і “першынства” гарадзенскай “вертыкалі” па ўтварэнні ТВК і АВК у рэгіёне. У іншых абласных цэнтрах такія паседжанні адбудуцца пасля выходных у панядзелак.
На паседжанне па ўтварэнні гарадзенскіх ТВК і АВК як назіральнік вылучаны правабаронец Раман Юргель.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.