Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Фармаванне выбарчых камісій на Віцебшчыне прайшло ў штатным рэжыме

Падчас паседжаньня ў аблвыканкаме. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"
Падчас паседжаньня ў аблвыканкаме. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Як паведамляе "Віцебская Вясна", 1 верасня на сумесным паседжанні Віцебскага аблвыканкаму і абласнога Савета дэпутатаў былі сфармаваныя Віцебская абласная выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў у парламент, а таксама 14 акруговых выбаркамаў.

У кожнай камісіі будзе працаваць па 13 членаў. Аднак апазіцыйныя палітычныя партыі прадстаўленыя ў камісіях мінімальна. Напрыклад, са 195 членаў у склад камісій увайшлі толькі тры чалавекі з партыі левых “Справядлівы свет”, а з партыі БНФ – два яе сябры. Па адным сябру ў камісіях будуць мець Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Такім чынам, у выбаркамах будуць працаваць толькі сем прадстаўнікоў апазыцыйных партый – 3,6% ад агульнай колькасці членаў камісій. Але калі ўзгадаць, што на парламенцкіх выбарах у 2016 годзе ў камісіі трапілі толькі два апазыцыянеры, то ў гэтым – відавочны прагрэс.

Упершыню за гісторыю электаральных кампаній магчымасьць папрацаваць у акруговых камісіях атрымалі два прадстаўнікі апазыцыйнага “Руху за Свабоду”. Між тым, тры заяўленыя прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” ў камісіі ўключаныя не былі.

У Віцебскую абласную камісію ўключылі прадстаўніка РПГА “Беларускі Хэльсінкскі камітэт” Паўла Левінава.

Большасць жа членаў у абласной і акруговых камісіях - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, якія не маюць да палітыкі нават ускоснага дачынення, такіх як “Чырвоны Крыж", БРСМ, “Беларускі саюз жанчын”, “Фонд міру”, вэтэранская арганізацыя ды іншых.

У цэлым фармаванне выбарчых камісій прайшло ў штатным рэжыме. У іх складзе апынуліся, за рэдкім выключэннем, правераныя людзі, якія праз тры месяцы маюць даць уладам патрэбны вынік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары