У выбаркамах Гомельшчыны будуць працаваць толькі чатыры апазіцыянеры
У Гомелі 2 верасня прайшло супольнае пасяджэнне Прэзідыума аблсавету і аблвыканкаму па фармаваннi Гомельскай абласной выбарчай камісіі і 17-ці акружных выбарчых камісій (АВК) вобласці. Паседжанне доўжылася каля дзьвух з паловай гадзін.
На паседжанні прысутнічаў прадстаўнік Руху “За Свабоду” Уладзімір Кацора, паведамляе "Гомельская вясна".
Па яго словах, разгледжаныя пытанні па колькасным і асабістым складзе АВК, месцы знаходжання камісій і даты першых арганізацыйных паседжанняў. Месцам знаходжання абласной камісіі вызначаны Гомельскі аблвыканкам. Тут першае пасяджэнне адбудзецца ўжо заўтра, 3-га верасня. Першыя арганізацыйныя пасяджэнні 17-ці АВК па Гомельскай вобласці адбудуцца таксама заўтра ў чатырох адміністрацыях абласнога цэнтру і райвыканкамах.
Адзінагалосна на паседжанні прагаласавалі за колькасны склад Гомельскай абласной і АВК вобласці (па 13 чальцоў у кожнай камісіі), хаця ў склад асобных выбаркамаў прапаноўвалася звыш 20-ці кандытатур. У склад камісій вылучаліся двума спосабамі: зборам подпісаў і ад такіх арганізацый, як БРСМ, Беларускі саюз жанчын, "Белая Русь", Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Таксама вылучаліся прадстаўнікі ад партыі АГП, Гавары праўду, БПЛ “Справядлівы Свет” і ЛДПБ.
Паводле галасавання ў склад Гомельскай абласной камісіі не патрапіў ні адзін вылучэнец дэмакратычных партый ці аб’яднанняў. На паседжанні агучваліся тыя ці іншыя дзелавыя ды асабістыя якасці асоб, прапанаваных у склад выбаркамаў, але, па меркаванні прадстаўніка Руху “За Свабоду” У. Кацоры паседжанне было загадзя зрэжысаванае.
У склад 17-ці АВК у Гомельскай вобласці увайшлі толькі чатыры прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. З 17-ці прапанаваных кандыдатаў ад Руха “За Свабоду”, з 10-ці ад кампаніі “Гавары Праўду” ці 5-ці прадстаўнікоў АГП ніхто не патрапіў у склад выбаркамаў.
У прыватнасці, у Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе №35 лічыць галасы выбаршчыкаў будзе прадстаўнік партыі левых Васіль Краўчук, у Гомельскай-Сельскай №37 Канстанцін Мішчанка, у Светлагорскай №46 Валянціна Канановіч і Хойніцкай №47 Мікола Сцешац.
Цікавым для назірання з’яўляецца той факт, што ў склад выбаркамаў Гомельшчыны не прайшла кандыдатура вучонага ад кампаніі “Гавары Праўду” Юрыя Варонежцава, які ў свой час з’яўляўся намеснікам старшыні камісіі Вярхоўнага Савета СССР. Таксама тут у склад выбаркама не патрапіла кандыдатура ад АГП Святланы Гальдадзе, якая кіравала Гомелем на пачатку 90-х гадоў.