Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Чыноўнікі не ўключылі Рамана Кісляка ў акруговую камісію, бо не ведаюць статуса “праваабаронца”

Пасяджэнне па фармаванні Брэсцкай абласной выбарчай камісіі
Пасяджэнне па фармаванні Брэсцкай абласной выбарчай камісіі

У Брэсце другога верасня сфармавалі абласную і акруговыя выбарчыя камісіі. Сюрпрызаў не адбылося: прадстаўнікі дэмакратычных структур апынуліся за бартом выбарчых камісій. Акрамя прадстаўнікоў "Справядлівага Свету".

На супольнае пасяджэнне Брэсцкага аблвыканкама і Прэзідыўма Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў па фармаванні абласной выбарчай камісіі змаглі патрапіць усяго некалькі чалавек: прэтэндэнты ў сябры камісій і кіраўніцтва некаторых партый і арганізацый, што вылучалі прэтэндэнтаў. Звычайных выбаршчыкаў і блогераў ахова не пусціла ў будынак аблвыканкама, тлумачачы гэта тым, што іх “у спісах няма".

У склад абласной і АВК не ўключалі некаторых вылучэнцаў ад праўладных структур на той падставе, што яны “загружаны па месцы працы”, маюць “сталы ўзрост”, “праблемы са здароў’ем”, “па сямейных абставінах”. З большага ў камісіі былі ўключаныя правераныя на ранейшых выбарах людзі, пераважна дзеючыя і былыя работнікі аблвыканкама і адміністрацый горада. Шляхі вылучэння ад праўладных грамадзкіх арганізацый (Белая Русь, БРСМ, Саюз Жанчын, Чырвоны Крыж, арганізацыі разнастайных ветэранаў і праўладных прафсаюзаў), Партыі працы і справядлівасці, ЛДП і ад грамадзян.

У склад абласной камісіі (ТВК) не ўключылі прадстаўніка Руху "За Свабоду" Сяргея Вакуленку, бо не мелі дастатковай інфармацыі пра ягоныя дзелавыя якасці і арганізатарскія здольнасі. Па той жа прычыне (недастаткова інфармацыі) у камісію не была ўключана сябра “Гавары Праўду" Анхеля Бланко. З апазіцыйных прэтэндэнтаў была ўключана толькі Волкава М.А. ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет" (ужо была ў камісіі ў 2012 годзе).

У параўнанні з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 2016 года склад абласной камісіі мала змяніўся. У 2016 годзе ў кіраўніцтве абласной камісіі намеснікам старшыні была Наталля Грыгор’ева, сакратаркай – Алена Шамкуць. Гэтым разам гэтыя сама асобы ізноў уключаныя ў склад камісіі, да іх далучыўся Аляксандар Каляда, які раней працаваў у выканкаме і стала займаўся выбарамі, нават быў сябрам ЦВК.

Варта адзначыць, што напярэдадні паседжання па фармаванні абласной камісіі дзевяць жыхароў Берасцейшчыны звярнуліся ў аблвыканкам з просбай не ўключаць у склад камісіі 13 грамадзян, якія фальсіфікавалі выбары ў 2006 годзе. Сярод гэтых 13 былі прозвішчы Грыкор’евай, Шамкуць і Каляды. Аднак як бачым, заява ніяк не змяніла сітуацыю.

Праваабаронцу Раману Кісляку, які з’яўляецца сябрам Руху “За свабоду”, адмовілі ва ўключэнні ў склад акруговай камісіі №1 Брэста. Падстава тая ж: няма дастатковай інфармацыі аб ягоных дзелавых якасцях. Раман Кісляк назваўся "праваабаронцам", але чыноўнікі выканкаму адказалі, што не ведаюць такога статуса, і праз гэта лічаць, што ён падаў недаставерныя дадзеныя. Затое ў гэтую камісію трапіў А.Ф. Дзенісенка ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет".

На папярэдніх парламенцкіх выбарах у кіраўніцтве АВК 1 старшынём была Тамара Наўмовец, намеснікам Людзміла Капусціна, сакратаром Таццяна Вайцэкенес. Гэтым разам гэтыя сама асобы ізноў уключаныя ў склад АВК 1.

У склад выбарчай камісіі Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2  не ўключылі вылучэнцаў ад апазыцыйных структур на той падстве, што: Босак Н.П. ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет" не прадставіў дадзеных аб досведзе працы і здольнасцях, а Ліцвінка І.С. ад ПБНФ не працуе.

У акруговаў выбарчай камісіі №2 асобы, якія былі ў кіраўніцтве камісіі ў 2016 годзе зноў былі ўключаны ў склад камісіі. Старшыня – Галіна Янголенка, сакратарка – Інна Акімава.

У склад выбарчай камісіі Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі № 3 не ўключылі: Захаранка Л.А., вылучаную "Рухам "За Свабоду", бо, па меркаванні чыноўнікаў, "наяўная інфармацыя не адлюстроўвае яе асабістых і практычных якасцяў"; Ігумнава Г., вылучанага БСДП “Грамада”, бо "няма дадзеных аб дзелавых якасцях" і не ўказаў, што ён "працуючы пенсіянер”; Чіпурных Л.А. ад Беларускай партыі левых "Справядлівы Свет", бо не знайшлі дадзеных аб ягоных дзелавых якасцях. Кіраўнік абласной арганізацыі Людміла Дзенісенка абурылась: “Ён маёр, мае дзяржаўныя ўзнагароды! Не маглі ў ваенкамат звярнуцца?!” Яе пытанне засталось без адказу.

У склад АВК №3 увайшлі Марыя Колбік, Аксана Дутчык, Ірына Хазей, якія былі і ў мінулай камісіі па парламенцкіх выбарах.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары