Не ўсе назіральнікі змаглі патрапіць на пасяджэнні выбарчых камісій. Чаму?
У аўторак, 3 верасня стала вядома, што ў некаторых назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у розных рэгіёнах Беларусі адзначаліся праблемы з допускам на першыя пасяджэнні акруговых выбарчых камісій, якія былі ўтвораныя ўчора. Згодна з выбарчым заканадаўствам назіральнікі маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій (абз. 2 ч.5 арт.13 Выбарчага кодэкса).
Так, не змагла патрапіць на першае пасяджэнне выбарчай камісіі па Чкалаўскай акрузе №96 у Мінску назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Наталля Сацункевіч. Яно адбывалася ў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Наталля вылучалася ў назіральніцы шляхам збору подпісаў.
“Я прыйшла загадзя. Мне сказалі чакаць пачатку ў 12:00, пры гэтым сябры камісіі заходзілі і зачынялі дзверы. У 12:00 я зайшла, аддала дакументы на вылучэнне ў назіральніцы. Але Дзмітрый Ігаравіч Страздзін [у далейшым быў абраны старшынёй камісіі], папрасіў мяне выйсці. Запрасілі толькі праз 15 хвілін. У гэты час былі абраныя старшыня, намеснік і сакратар камісіі”, — распавядае Наталля Сацункевіч.
Агулам пасяджэнне цягнулася 28 хвілін. За тыя 13 хвілін, на якіх паспела пабываць назіральніца кампаніі ёй яшчэ забаранілі ажыццяўляць фотаздымку і аўдыёзапіс. Наталля Сацункевіч лічыць гэта парушэннем галоснасці пры правядзенні выбараў. Назіральніца напісала заяву на дазвол, а таксама звярнулася за тлумачэннем да старшыні Мінскай гарадской выбарчай камісіі аб выкарыстанні фота-, відэаздымкі і аўдыёзапіса пры назіранні.
Па інфармацыі назіральніка Аляксея Лойкі, ён таксама не мог патрапіць на першае пасяджэння камісіі па Мінскай-Заходняй выбарчай акругі №102, дзе былі абраныя старшыня і іншыя кіраўнікі камісіі.
У 8:45 назіральнік з’явіўся ў кабінеце Адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска, дзе і мусіла адбывацца пасяджэнне, ён прадаставіў пашпарт і дакумент, які дае яму права назіраць на выбарах. Але Таццяна Іванаўна Забаўская, якая была ў далейшым абраная старшынёй камісіі, паведаміла яму, што на пасяджэнні прысутнічаць ён не зможа. Матывавала яна гэта тым, што камісія яшчэ не сфармаваная, і яна пачне працу а 10 гадзіне, толькі тады можна будзе акрэдытавацца назіральнікам.
Але а 9-й гадзіне прыйшоў кіраўнік Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргей Анатольевіч Шкруднеў, які адразу пачаў пасяджэнне камісіі. Праз некаторы час да назіральніка падышла чыноўніца i паведаміла, што Шкруднеў не супраць, каб ён прысутнічаў на паседжанні камісіі. Пасля гэтага выйшла Забаўская і запрасіла яго ў кабінет і заняць месца за сталом, за якім сядзелі сябры акруговай выбарчай камісіі.
Назіральнік кампаніі Аляксей Лойка расцаніў гэта як парушэнне выбарчага заканадаўства і падаў скаргу на дзеянні сябраў камісіі.
“Забаўская забараніла мне прысутнічаць на першым пасяджэнні камісіі, чым парушыла мае правы назіральніка за выбарчым працэсам, прадугледжаныя артыкулам 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — адзначыў Лойка.
Таксама вядома, што не быў дапушчаны на пасяджэнне камісіі Васняцоўскай выбарчай акругі №93 у Мінску назіральнік кампаніі Аляксей Горбач.
Праблемы з допускам на пасяджэнне акруговай камісіі былі таксама ў магілёўскага назіральніка Алеся Буракова. Яго не хацелі пакідаць на гэтак званым "арганізацыйным пасяджэнні" Магілёўскай-Сельскай камісіі №88, дзе абіралі старшыню і іншых кіраўнікоў. Але назіральнік кампаніі пераканаў сябраў камісіі, што гэта ўжо лічыцца пасяджэннем камісіі, на якім ён згодна заканадаўству мае права прысутнічаць. Але, як адзначыў Буракоў, праблемаў з доступам у Магілёўскую-Кастрычніцкую №86 і Магілёўскую-Прамысловую №87 выбарчыя камісіі, дзе ён таксама назіраў, не было.
Адзначаны цяжкасці з допускам на пасяджэнні камісій і ў іншых назіральнікаў. Напрыклад, у назіральніка кампаніі Барыса Бухеля ў Магілёўскай абласной акруговай камісіі.
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абскарджваюць дзеянні сябраў камісій.