Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Хто будзе лічыць галасы на парламенцкіх выбарах?

Цэнтральная камісія Беларусі апублікавала звесткі аб складзе акруговых выбарчых камісій. Большасць сябраў выбаркамаў складаюць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў — 72,8% ад агульнай колькасці. Але што гэта за партыі і аб’яднанні?

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Палітычныя партыі склалі 14% ад агульнай колькасці складу акруговых выбаркамаў у Беларусі. Самымі прадстаўнічымі ў камісіях прадказальна сталі праўладныя партыі:

  • Камуністычная партыя Беларусі — 68 чалавек,
  • Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 52; 

І адна апазіцыйная — Беларуская партыя левых "Справядлівы свет” (23).

Характэрна, што ў склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі палітычных партый, дзейнасць якіх прыкметна актывізуецца толькі падчас выбарчых кампаній. Сярод іх: Беларуская аграрная партыя, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Республіканская партыя труда і справядлівасці і іншыя.

Ад апазіцыйных партый увайшлі ў склад акруговых выбаркамаў толькі некалькі прадстаўнікоў: ад партыі БНФ — 3, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 4.

Колькасць прадстаўнікоў ад грамадскіх аб’яднанняў у АВК склала 58,8%. Традыцыйна, найбольшую колькасць складаюць:

  • Афіцыйныя прафсаюзы — 270 прадстаўнікоў;
  • Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне “Белая Русь” — 108;
  • Беларускі саюз жанчын — 101;
  • Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 93;
  • Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў — 86.

У склад акруговых выбаркамаў увайшлі 106 прадстаўнікоў “іншых грамадскіх аб’яднанняў”. Гэта такія арганізацыі як Беларускі саюз ветэранаў, Чырвоны крыж, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, а таксама рух “За Свабоду” і іншыя.

Дарэчы, лідар руху Юры Губарэвіч накіроўваў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай ліст з просьбай адлюстраваць у статыстычнай справаздачнасцi на старонках сайта Цэнтрвыбаркама звесткі пра рух “За Свабоду”, а не хаваць іх у графе “іншыя грамадскія аб’яднанні”. Але яму было адмоўлена з прычыны "малаважнага прадстаўніцтва" вылучэнцаў руху.

"Я перакананы, што прычына тут іншая. Схаваўшы колькасць вылучаных Рухам прадстаўнікоў у камісіі за графой "Іншыя грамадскія аб'яднанні", Цэнтрвыбаркам спадзяецца, што яму не прыйдзецца тлумачыць міжнародным назіральнікам, чаму ад праўладных арганізацый у камісіі трапляюць 100% вылучэнцаў, а ад незалежных каля нуля”, — перадае сайт руху словы Юрыя Губарэвіча.

Паказальна, што з 117 вылучэнцаў у склад АВК прайшло толькі 4 прадстаўнікі руху (на Берасцейшчыне і Віцебшчыне).

Яшчэ горшая сітуацыя склалася з рухам “Гавары Праўду”. З 36 вылучэнцаў у склад акруговых выбаркамаў не прайшоў ніводзін іхні прадстаўнік.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары