У акруговых камісіях Аршанскага раёну амаль нічога не змянілася
Акруговыя выбарчыя камісіі змяніліся мала, дэмакратаў зноў амаль няма, піша сайт orsha.eu.
Хаця гэтыя камісіі не так ужо шмат уплываюць на вынікі падліку галасоў,бо асноўныя фальсіфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчастковых камісій, фармаванне іх – гэта пэўная праверка на тое, наколькі дэмакратычнымі будуць выбары.
Традыцыйна нічога новага не адбылося. На тры акругі (№ 25, № 26 і № 30) у Аршанскім і іншых раёнах Віцебскай вобласці ў камісію дапушчаны толькі адзін прадстаўнік дэмакратычных арганізацый. Па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе №25 з 17 заявак на ўдзел у акруговых камісіях былі абраныя 13 чалавек. У ліку тых, хто не прайшоў “адбор”: прадстаўнік Руху “За свабоду”, “Гавары праўду”, партыі “Справядлівы Свет” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Затое без праблемаў прайшлі ўдзельнікі праўладных партыяў: Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай Партыі працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якія і будуць рабіць бачнасць прадстаўнічасці палітычных арганізацый у камісіях.
Такая ж сітуацыя і на Аршанскай-Дняпроўскай акрузе № 26. Тут не прайшлі ў камісію тры чалавекі і ўсе яны вылучэнцы дэмакратычных арганізацый: “Гавары праўду”, Рух “За свабоду”, “Справядлівы Свет”.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе абласныя ўлады ўсё ж дапусцілі да ўдзелу ў выбарах дэмакратычных актывістаў. З 14 акругаў створаных па вобласці без дэмакратаў акрамя аршанскіх акругаў засталіся ўсяго толькі яшчэ тры. У астатніх дзевяці акругах па адным дэмакраце прысутнічае. Прадстаўніка дэмакратычнага руху ўключылі і ў суседнюю Сененскую акругу № 30 — тут у камісіі будзе ўдзельнічаць прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Сярод тых хто ўзначаліў камісіі таксама мала навінак — камісію акругі № 26 узначаліў Мікалай Давідовіч, які ўзначальвае выбарчыя камісіі на Аршаншчыне ўжо каторы год. Па 25-ай акрузе старшынём быў абраны меньш вядомы супрацоўнік Белдзяржстраху Сяргей Воранаў, але яго намесніцай стала таксама дасведчаная ўдзельніца выбарчых камісіяў Іна Хамутоўская, якая вылучылася ад “Фонду Міру”.