Віцебскі абласны суд палічыў неўключэнне сябраў Партыі БНФ ў выбарчыя камісіі абгрунтаваным
Віцебскі абласны суд 4 верасня разгледзеў скаргу Партыі БНФ на неўключэнне старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанціна Смолікава ў склад Віцебскай абласной камісіі і сябраў Партыі Тамары Карызна і Хрыстафора Жаляпава – ў акруговыя.
Працэс вяла суддзя Наталля Лях. Адказчыкамі выступалі два прадстаўніка ад Віцебскага аблвыканкама - Алія Чарыева і Аляксандар Бутараў.
Як паведаміла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Трацьякова, судовае паседжанне праводзілася на беларускай мове нават без хадайніцтва аб гэтым з боку заяўнікоў, толькі прадстаўнікі аблвыканкама казалі па-руску.
Канстанцін Смолікаў адзначыў, што адказчыкі ўсялякімі шляхамі адмаўлялі перадузятае стаўленне да партыйцаў, спасылаліся на тое, што колькасць членаў камісіі абмежаваная і ўсіх уключыць немагчыма. Паводле Выбарчага кодэксу, калі прэтэндэнтаў больш, чым месцаў у камісіі, то мусяць адбывацца абмеркаванні кожнай кандыдатуры, а пасля – галасаванне. Ніякіх абмеркаванняў кандыдатур на паседжанні 1 верасня, па словах Смолікава, не праводзілася. І гэтым, на думку сябра БНФ, улады груба парушылі выбарчае заканадаўства. Таксама ён падкрэсліў, што ў абласную камісію вылучаўся і быў абраны прадстаўнік Камуністычнай партыі, які адначасова быў і сябрам Прэзідыума, а значыць галасаваў сам за сябе. Аднак суд не надаў увагі гэтаму факту.
Пасля перапынку, у 17.45 было абвешчана судовае рашэнне – у задавальненні скаргі заяўніку адмовіць.
Нагадаем, у Віцебскай вобласці прадстаўнікі Партыі БНФ Уладзімір Малахоўскі і Галіна Магучая, якія былі вылучаныя партыйным вылучэннем, уключаныя ў склад двух з 14 акруговых камісій.
Яшчэ двум вылучэнцам Грамадзкага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і тром з пяці вылучаных прадстаўнікоў Партыі БНФ было адмоўлена ва ўключэнні.
Усяго ў склад 14 акруговых камісій па Віцебскай вобласці ўваходзіць 182 члены.
У параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі павялічылась колькасць жанчын – было 103, а ў гэтым годзе 112 чалавек.
Значна скарацілася колькасць членаў, вылучаных ад працоўных калектываў, з 13 чалавек на папярэдніх выбарах да 3 – на гэтых. Пры гэтым колькасць ад грамадскіх аб’яднанняў павялічылася на 29 чалавек, а колькасць членаў ад прафесійных саюзаў – з 29 да 39 чалавек.