Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Скаргі на неўключэнне ў акруговыя выбарчыя камісіі адхіляюцца па ўсёй краіне

6 верасня па краіне прайшоў разгляд шэрагу грамадзянскіх спраў па скаргах апазіцыйных партый і грамадскіх аб’яднанняў на неўключэнне іх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій. Скаргі падавалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, “Руху "За Свабоду” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Cуддзя Гарадзенскага абласнога суда Зоя Нікольская з удзелам пракурора Сняжаны Дворнікавай разгледзела скаргу Аб'яднанай грамадзянскай партыі на неўключэнне ў склад камісій яе сябраў. Інтарэсы рэгіянальнай структуры на судзе прадстаўляў Павел Драчоў. Ён падтрымаў выкладзенае ў скарзе: Гарадзенская філія АГП вылучала шэсць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльную і акруговыя выбарчыя камісіі. У ТВК быў вылучаны Ігар Канстанцінавіч Банцар, у акруговыя выбарчыя камісіі: па Гарадзенскай Кастрычніцкай выбарчай акрузе №50 – Павел Драчоў, Гарадзенскай-Цэнтральнай №51 – Ежы Грыгенча, Гарадзенскай-Ленінскай №52 – Сяргей Улановіч, Івейскай №54 – Іван Сташкевіч, Смаргоньскай №59 – Мікалай Уласевіч. Аніводны з гэтых вядомых людзей не быў уключаны ў склад ТВК і АВК.

Назіральнікі кампаніі
Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" у Гарадзенскім абласным судзе

Адміністрацыю вобласці на судзе прадстаўлялі чыноўнікі аблвыканкаму – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Сяргей Хацук і намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Алена Новік. Яны сцвярджалі, што не згодны з пазіцыяй заяўніка скаргі і лічаць, што камісіі сфармаваныя паводле заканадаўства. У выніку суддзя стала на бок чыноўнікаў і не задаволіў скаргу АГП.

У тым жа судзе іншая суддзя Людміла Малючок разглядала скаргу аб’яднання “Рух за Свабоду”. Прадстаўнік гэтай арганізацыі ў суд на разгляд скаргі не з’явіўся. “Рух за Свабоду” вылучаў у камісіі ажно 13 чалавек. У ТВК быў вылучаны Алесь Зарэмбюк, яшчэ 12 чалавек – у розныя акруговыя камісіі вобласці. Аніводны з 13 не быў уключаны ў склад камісій. А між тым сярод вылучэнцаў былі такія вядомыя не толькі ў вобласці, але і ў Беларусі, асобы як Алесь Масюк, Мікалай Баўсюк, Сяргей Чарняк, Валер Мінец, Вольга Быкоўская, ды іншыя.

Характэрнай асаблівасцю гэтага разгляду скаргі было тое, што Людміла Малючок вяла паседжанне па-беларуску, таксама па-беларуску выступала пракурор Сняжана Дворнікава. Згаданыя вышэй чыноўнікі аблвыканкаму выступалі па-расейску. З прычыны адсутнасці прадстаўніка заяўніка скаргі яе разгляд быў дастаткова хуткім. У выніку суд таксама прадказальна не задаволіў скаргу "Руху за Свабоду".

Таксама Берасцейскі абласны суд адмовіў 10 выбаршчыкам Бярозы ў задавальненні скаргі пра неўключэньне сябра Партыі БНФ Анатоля Сахарушы ў склад акруговай выбарчай камісіі N9.

У Мінскім абласным судзе разглядалася скарга Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На пасяджэнні прысутнічаў яе прадстаўнік Іван Лабачоў, прадстаўнік мінскага Савета дэпутатаў і прадстаўнік мінскага выканаўчага камітэта. Сваю пазіцыю Лабачоў выказаў так: «я хачу адно, каб адмянілі рашэнне». Ніякіх абгрунтаваных заўваг і канкрэтных фактаў ім выказана не было. На ўдакладняючыя пытанні суддзі і пракурора, напрыклад пра тое, хто канкрэтна прысутнічаў на паседжанні выбарчай камісіі; якія канкрэтна былі парушэнні; чаму партыі "Грамада" павінен быць прадастаўлены прыярытэт; якія канкрэтна факты фальсіфікацыі ён можа агучыць, у заяўніка адсутнічалі адказы. Сваю пазіцыю ён аргументаваў тым, што ў камісіі адны і тыя ж людзі сталага ўзросту і з прадстаўнікоў "Грамады" абралі толькі 1 чалавека. Прадстаўнікі мінскага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта сцвярджалі, што ў заяўніка няма абгрунтаваных заўваг. У выніку суд таксама пакінуў скаргу без задавальнення.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары