Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У IT-краіне электронныя пошты для выбаркамаў стварыць праблематычна?

Віцебскі назіральнік за парламенцкімі выбарамі Леанід Свецік звярнуўся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камісію на адсутнасць у тэрытарыяльных і акруговых камісій электронных паштовых адрасоў, куды можна было б накіроўваць звароты.

Леанід Свецік з'яўляецца назіральнікам адразу ў трох камісіях - Віцебскай абласной, Віцебскай-Чыгуначнай акругі №19 і Віцебскай-Кастрычніцкай акругі №20 - і каб звярнуцца ў ТВК і АВК яму даводзіцца карыстацца паслугамі звычайнай пошты альбо дастаўляць звароты асабістым наведваннем камісій.

"Гэта павялічвае час разгляду скаргаў, заяў і прапаноў, а таксама выдаткі ўдзельнікаў выбарчага працэсу", - напісаў праваабаронца ў сваёй скарзе ў ЦВК.

Ён падкрэсліў, што такі ж істотны недахоп існуе і ў іншых АВК па Віцебскай вобласці, і прасіў ЦВК разгледзець пытанне аб магчымасці звароту ў камісіі праз электронную пошту.

У сваім адказе Цэнтральная выбарчая камісія за подпісам сакратара Алены Дмухайла спаслалася на тое, што Законам "Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў" абавязак разглядаць электронныя звароты ускладзены толькі на дзяржорганы і іншыя дзяржарганізацыі, а выбарчае заканадаўства не ўстанаўлівае абавязкі камісій разглядаць такія звароты і, адпаведна, мець для гэтага электронную пошту.

"Гэта абумоўлена тым, што выбарчыя камісіі з'яўляюцца часовымі фарміраваннямі грамадскасці, якія пасля выбараў спыняюць сваю дзейнасць", - адзначаецца ў адказе.

ЦВК прыходзіць да высновы, што падстаў для разгляду пытання аб прыёме тэрытарыяльнымі і абласнымі камісіямі электронных зваротаў не маецца. У самой жа ЦВК электронная пошта існуе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары