Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Калі выбары — публічны працэс, то чаму камісіі забараняюць весці нават аўдыёзапіс?

Па агульнаму правілу выбары адбываюцца адкрыта і галосна, але праваабаронцам працягваюць паведамляць пра парушэнне гэтага асноўнага прынцыпа. Выбарчыя камісіі час ад часу адмаўляюць назіральнікам у ажыццяўленні фота-, відэа- і аўдыёзапісаў падчас пасяджэнняў. 

Так, 9 верасня на пасяджэнні Барысаўскай гарадской выбарчай камісіі №62 назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Мацкевіч узняў пытанне наконт магчымасці весці фотаздымку. Пытанне вынеслі на галасаванне і адзінагалосна ўсе сябры камісіі выказаліся супраць. Затым назіральнік запытаўся пра магчымасць аўдыёзапісу. Зноў прагаласавалі — зноў супраць.            

“Сёння правялі пасяджэнне, потым аб’яўляюць яго закрытым. Я кажу: а што наконт фатаграфавання? Нешта невыразна казалі, я тады пытаюся: гэта калегіяльнае рашэнне было? Вы галасавалі? Потым пачалі пры мне галасаваць. Прагаласавалі — супраць. А весці дыктафонны запіс можна? Пачалі гартаць Выбарчы кодэкс. Потым прыбегла старшыня, ужо, мабыць, “праінфармаваная”. Пачалі галасаваць — зноў супраць усе”, – распавядае назіральнік.

Падобная сітуацыя адбылася і з назіральніцай кампаніі Наталляй Сацункевіч на пасяджэнні АВК Чкалаўскай выбарчай акругі № 96. 5 верасня ёй пісьмова паведамілі, што ажыццяўляць аўдыё- і відэазапіс забаронена.

Алег Мацкевіч таксама задаецца пытаннем у кантэксце адкрытасці і галоснасці: “Як стасуецца праца АВК, якая мае адкрыты і галосны характар, з размяшчэннем у будынках, куды патрапіць можна толькі пасля рэгістрацыі пашпартнай і толькі ў суправаджэнні сябра камісіі, якога для гэтага спэцыяльна выклікаюць на вахту?”

Аналітык кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч нагадвае, што выбары — гэта публічны працэс, які мусіць быць адкрытым і галосным.

“Праваабаронцы неаднаразова на ўсіх узроўнях звярталі ўвагу на такія дзеянні. Пазіцыя нашая такая: артыкул 13 Выбарчага кодэксу ўтрымлівае вычарпальны пералік дзеянняў, якія забаронены рабіць назіральнкам падчас ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў. У гэтым пераліку адсутнічае забарона вядзення фота-, відэа- і аўдыёзапісаў з пасяджэнняў выбарчых камісій. Адпаведна, назіральнік мае права іх ажыццяўляць”, — дадае Стэфановіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары