Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Валянцін Стэфановіч пра метамарфозы прававой думкі ад ЦВК

Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі "Праваабаронцаў за свабодныя выбары", 11 ліпеня 2012
Валянцін Стэфановіч падчас прэс-канферэнцыі "Праваабаронцаў за свабодныя выбары", 11 ліпеня 2012

З пачаткам кампаніі назірання за парламенцкімі выбарамі аднавілася і нашая даўняя дыскусія з ЦВК аб праве назіральнікаў рабіць фота-відэа-аўдыё запісы падчас назірання за выбарамі, уключна з падлікам бюлетэняў.

Паўнамоцтвы назіральнікаў пры ажыцяўленні назірання за выбарамі рэгулююцца арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які мае назву “галоснасць пры правядзенні выбараў, рэферэндума…”. Менавіта ў гэтым артыкуле ўтрымліваецца пералік таго, што мае права рабіць назіральнік, а што яму рабіць забаронена.  Артыкул адзін, а вось меркаванні адносна правоў назіральнікаў у ЦВК і юрыстаў і экспертаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” розныя.

Мы заўсёды лічылі і лічым, што арт. 13 ВК утрымлівае вычарпальны пералік таго, што забаронена рабіць назіральніку і ў гэтым пераліку няма забароны на фота-відэа здымкі і аўдыё запісы. Адпаведна –  можна ўсё, што не забаронена. Пералік забароненага ў праве заўсёды носіць вычарпальны характар у адрозненні ад пераліку правоў. У пералік правоў немагчыма ўпісаць усё аспекты дзейнасці назіральніка, таму што немагчыма. А вось запісаць усё што яму забаронена – магчыма.

Пазіцыя ж ЦВК заключаецца ў тым, што назіральнікі не могуць выкарыстоўваць падчас назірання фота-відэа-аўдыё запісы, паколькі гэта не прадугледжана ў пераліку правоў назіральніка ў арт. 13 ВК. Гэта да нядаўняга часу было паслядоўнай і непахіснай пазіцыяй Цэнтральнай камісіі і яе старшыні Лідзіі Ярмошынай асабіста. Чаму да нядаўняга часу? Таму, што ў сёлета ў зацверджаным ЦВК зборніку Метадычных матэрыялаў для ўчастковых выбарчых камісій з’явіўся цікавы па сваёй фармулёўцы допіс, які варты цытавання на мове арыгіналу:

Несмотря на то, что Избирательный кодекс не указывает на право наблюдателей осуществлять фотосъемку в помещении для голосования, следует разрешать наблюдателям по их просьбе сделать несколько фотоснимков. При этом наблюдатель не должен создавать помехи для членов участковой комиссии и избирателей. Председатель участковой комиссии может заранее определить место, с которого разрешается сделать снимки, разместив там указатель «Место для фотосъемки».

Вось такія метамарфозы.  Раней нельга было, бо Кодэкс такога права не ўтрымлівае, а цяпер, аказваецца, нягледзячы на Кодэкс  усё ж можна “некалькі фота” зрабіць.  Цікавыя падыходы да права.

Вельмі шкада, што ЦВК не кіруецца такой жа логікай у пытанні ўрэгулявання  дэталізацыі працэдур падліку бюлетэняў участковымі камісіямі. ЦВК працягвае ўпарта сцвярджаць, што падлік бюлетэняў адным сябрам камісіі з дэманстрацыяй кожнага бюлетэня  ўсім прысутным  немагчымы, бо гэта “не ўтрымліваецца ў Выбарчым кодэксе”.

Варта адзначыць, што ў частцы працэдур падліку галасоў наогул нічога не сказана аб тым,  як іх павінны лічыць –па аднаму ці ўсе адразу. Ну вось і ўрэгулявалі б гэтае пытанне адпаведнай  пастановай. Я нават тэкст магу прапанаваць:

Несмотря на то, что Избирательный кодекс не указывает на необходимость подсчёта избирательных бюллетеней одним членом участковой комиссии с демонстрацией каждого бюллетеня всем имеющим право присутствовать при подсчете голосов, в целях усиления гласности и прозрачности результатов подсчёта, Центральная комиссия постановляет …

А вы кажыце, што ў сваіх пастановах ЦВК за межы кодэкса не можа выходзіць. Выходзіць што можа. Калі захоча.

Валянцін Стэфановіч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары