Гомель: прэтэндэнту ў кандыдаты Віталю Уткіну альтэрнатывы пакуль няма
Другое пасяджэнне акруговага выбаркама па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31 адбылося 11 верасня.
Акруговая камісія працавала ў складзе 10 чалавек, трое з паважных прычынаў не змаглі прысутнічаць. Акрамя назіральніка ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэя Стрыжака ў камісіі зарэгістраваліся яшчэ два назіральнікі - ад БРСМ і ад Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Усе трое прысутнічалі на пасяджэнні і маглі назіраць за ходам паседжання.
Па інфармацыі "Гомельскай вясны", камісія разгледзела дакументы ініцыятыўнай групы Віталя Уткіна, дзеючага кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля. У ініцыятыўную групу кіраўніка адміністрацыі ўвайшлі 89 чалавек. Аднагалосна было прынята рашэнне зарэгістраваць ініцыятыўную групу. З гэтага моманту члены ініцыятыўнай групы маюць права збіраць подпісы за Віталя Уткіна. Сапраўды таксама аднагалосна было прынята рашэнне аб удакладненні межаў участкаў.
Пасяджэнне АВК-31 пракаментаваў назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэй Стрыжак:
- Да заканчэння рэгістрацыі ініцыятыўных груп засталося менш за суткі і не выключана што выбары на 31 акрузе пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Калі ў бліжэйшы час ніхто з кандыдатаў не падасць дакументы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы, у нас ёсць шанец убачыць выбары ў фармаце «за» і «супраць» кандыдата. Характэрны факт: прэтэндентам ў кандыдаты зарэгістраваны кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна, у будынку якога знаходзіцца і працуе выбаркам. Яшчэ адзін важны момант - кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна мае вялікі адміністрацыйны рэсурс. Але, выкарыстанне яго ў ходзе выбарчага працэсу забаронена законам. У выпадку выяўлення фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу як на этапе збору подпісаў, так і астатніх этапаў выбарчай кампаніі, ім будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.