Гомель: інфармацыя пра выбары па-беларуску. Толькі вы яе не знойдзеце
13 верасня афіцыйны сайт Гомельскага гарвыканкама пачаў даваць інфармацыю перадвыбарчага характару і на беларускай мове. Характэрна, што яшчэ тыдзень таму намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук даваў параду беларускамоўным выбаршчыкам карыстацца Гугл-перакладчыкам.
Пра гэта чыноўнік паведамляў доўгатэрміноваму назіральніку па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе №35, ўдзельніку кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Леаніду Судаленку.
"Гомельская вясна" нагадвае, што раней нават на беларускай старонцы афіцыйнага сайта вобласці ўсе перадвыбарчыя матэрыялы размяшчалася выключна на рускай мове, што на думку незалежнага назіральніка, “ушчамляла выбарчыя правы выбаршчыкаў, якія карыстаюцца беларускай мовай”.
“Прашу прыбраць гэтую недарэчнасць”, - коратка пазначыў у электронных зваротах да дзяржаўных органаў назіральнік.
Гомельскі аблвыканкам ды Адміністрацыя Савецкага раёну Гомеля пагадзіліся з назіральнікам адразу, іх афіцыйныя сайты на тэму выбараў сталі пісаць і па - беларуску.
Гарвыканкам з незалежным назіральнікам не пагаджаўся. Але ж, урэшце ўрэшт мова тытульнай нацыі перамагла і тут.
Праўда, пераключальнік мовы схаваны так лоўка, што яго практычна знайсці немагчыма.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.