Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў: 9-13 верасня
Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
- 12 верасня скончыўся тэрмін прадстаўлення ў акруговыя выбарчыя камісіі дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты; усяго пададзена 503 заявы, па стане на 13 верасня зарэгістравана 386 ініцыятыўных груп;
- адбыліся першыя пікеты па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты; значных перашкодаў у правядзенні пікетаў зафіксавана не было;
- пачаліся нарады і семінары, прысвечаныя арганізацыі выбарчага працэсу, якія праводзяць абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы; назіральнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не дазволілі прысутнічаць на гэтых мерапрыемствах;
- усе скаргі на рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканкамаў аб фарміраванні выбарчых камісій былі разгледжаны ў судах і ўсе яны былі пакінутыя без задавальнення; як раней адзначалі эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў, а прадугледжаную судовую працэдуру абскарджання неэфектыўнай;
- СМІ па-ранейшаму неактыўна асвятляюць выбарчую кампанію, абмяжоўваючыся публікацыямі аб асноўных падзеях.