Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам перадвыбарчых пікетаў у Гомелі
15 верасня 2019 года ў Гомелі прайшоў сумесны перадвыбарчы пікет двух кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі Народная Грамада. Планаваная сустрэча прэтэндэнтаў у кандыдаты з выбаршчыкамі прайшла практычна ў цэнтры города на адкрытай пляцоўцы перад універмагам “Гомель”, распавядае "Гомельская вясна".
У другім канцы адкрытай пляцоўкі адбываўся перадвыбарчы пікет сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, намесніка дэкана юрыдычнага факультэту універсітэта Ф. Скарыны Андрэя Злотнікава. На пікеце прысутнічаў сам прэтэдэнт у кандыдаты, ён ахвотна адказваў на пытанні выбаршчыкаў. Пачуўшы беларускую мову, прэтэндэнт лёгка перайшоў на яе і размаўляў выключна па-беларуску.
Па ініцыятыве юрыста праваабарончага цэнтра “Вясна”, доўгатэрміновага назіральніка пры Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе №35, удзельніка кампаніі "Праваабаронцы за справядлівыя выбары” Леаніда Судаленка, з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару перадвыбарчых пікетаў, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства праводзіўся маніторынг.
1. Рэзюмэ:
Сумесныя перадвыбарчыя пікеты прайшлі згодна з выбарчым заканадаўствам. Агульная колькасць удзельнікаў з улікам прахожых складала каля 40 чалавек. На ўсім працягу мерапрыемствы насілі мірны характар, якіх-небудзь агрэсіўных заяў або дзеянняў з боку ўдзельнікаў, ці іншых людзей не зафіксавана. Прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія павінны забяспечваць грамадскі парадак падчас правядзення масавых мерапрыемстваў заўважна не было. Ад пачатку акцыі на ёй пастаянна прысутнічаў і ажыццяўляў відэаздымку аператар абласнога тэлебачання. Таксама акцыю ўвесь час запісваў на відэакамеру нікому не знаёмы мужчына ў цівільным. Перашкод працы прадстаўнікам СМІ не зафіксавана, прысутнічаючыя на акцыі журналісты і блогеры вялі прамыя стрымы з перадвыбарчага пікету. Прысутнічаючыя на сумесным пікеце прэтэндэнты ў кандыдаты Уладзімір Няпомняшчых і Андрэй Пуканаў да выбаршчыкаў звярталіся праз мегафон. Таксама праз мегафон на пытанні прысутных адказаваў сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Пуканава Мікола Статкевіч, які адмыслова прыехаў у Гомель, каб падтрымаць свайго паплечніка па партыі.
2. Высновы:
На ўсім працягу перадвыбарчыя пікеты (з 12.00 да 13.30) насілі мірны характар. З боку ўдзельнікаў не назіралася агрэсіўных дзеянняў цi заклікаў да іх. Фармат і месца мерапрыемства адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства. Быў заўважаны факт правакацый у дачыненні да сумеснага перадвыбарчага пікету кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі Народная Грамада.Ход пікету:
Падчас сумеснага перадвыбарчага пікету выкарыстоўвалісь планшэткі з надпісам: "Лукашенко должен уйти". Прэтэндэнты ў дэпутаты да выбаршчыкаў звярталіся і агучвалі свае лозунгі праз мегафон. Інфармацыйны стэнд А. Пуканава ўтрымліваў інфармацыю аб запісу ў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча на прэзідэнскія выбары наступнага году. Кандыдат ад АГП быў адзеты ў цішотку з надпісам: «За Беларусь без Лукашэнкі». Падчас акцыі таксама прысутнічаў прадстаўнік АГП Васіль Палякоў, кіраўнік гомельскай філіі БАЖ Мікола Бянько, блогер Арцём Шапараў. Праходзячыя міма гараджане прыпыняліся ды выказвалі сваё стаўлення да выбарчай кампаніі, калі іх прыпынялі і запытвалі журналісты.
На сумесным пікеце прэтэндэнтаў у кандыдаты Уладзіміра Няпомняшчых і Андрэя Пуканава быў заўважаны правакатар, які адмыслова быў апрануты ў белы халат і белы чэпчык. Ён падыходзіў да ўдзельнікаў пікету і правакацыйна прапаноўваў медычную дапамогу. У руках ён трымаў адмысловы медыцынскі чамаданчык. Дзеянні правакатара ўвесь час запісвала на відэакамеру невядомая жанчына. Дасведчаныя людзі адразу пазналі мясцовага жыхара Яўгена Катлярова ды яго жонку, якія пішуць у сацсетках паклёпніцкія матэрыялы аб актывістах ды палітыках.
3. Рэкамендацыі:
Арганізатарам:
- Пры ўдзеле ў перадвыбарчых пікетах абазначаць сябе добра адрознымі бэйджамі або апазнавальнымі знакамі з указаннем статусу «Сябра ініцыятыўнай групы». Дадзеная мера дазволіць выбаршчыкам ведаць аб тым, што мерапрыемства з’яўляецца афіцыйным, а гэта значыць смялей прыходзіць на такія акцыі дзеля подпісаў у падтрымку ды публічнага абмеркавання пытанняў, якія закранаюць правы і свабоды кожнага грамадзяніна.
- Пры з'яўленні на перадвыбарчых пікетах правакатараў неадкладна вызываць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- Дзеля прадухілення магчымага парушэння падчас перадвыбарчых пікетаў грамадскага парадку і забяспячэння бяспекі грамадзян, у тым ліку і дзеле перадухілення магчымых правакацый, забяспечваць дзяжурства падчас мерапрыемстваў перадвыбарчагу характару супрацоўнікаў міліцыі.
Даведка. Збор подпісаў выбаршчыкаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетаў. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетаў для ўказаных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых адпаведным рашэннем мясцовага выканаўчага i распарадчага органа. Абмежаванні пры зборы подпісаў выбаршчыкаў:
- у працэсе збору подпісаў забараняецца прымус і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў. Пад узнагародай трэба разумець перадачу выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыальных каштоўнасцяў, правядзенне льготнай распродажы тавараў ці бязвыплатнае або на льготных умовах аказанне паслуг;
- не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час;
- грамадзяне, якія высоўваюцца кандыдатамі ў дэпутаты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх падначаленні ці іншай службовай залежнасці для збору подпісаў выбаршчыкаў у працоўны час; - не дапускаецца правядзенне збору подпісаў у ходзе службовых камандзіровак;
- сябры ініцыятыўных груп не маюць права пры зборы подпісаў раздаваць выбаршчыкам друкаваныя матэрыялы. Выбаршчыкам дазваляецца прадстаўляць толькі для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы з біаграфічнымі дадзенымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў.
Леанід СУДАЛЕНКА, доўгатэрміновы назіральнік пры Гомельскай-Прамысловай акруговай камісіі №35, прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.