Мінск: Збор подпісаў скончыўся збіццём і судмедэкспертызай
У пятніцу 13 верасня паведамлялася аб тым, што быў збіты супрацоўнікамі аховы і затрыманы падчас збору подпісаў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Валер Бычкоўскі.
Стала вядома, што міліцыя правапарушэнняў з боку актывіста не знайшла.
"Учора пасля таго, як напісаў заяву на намесніка начальніка ў Фрунзенскім РУУС паехалі ў траўмапункт за выпіскай, каб зафіксаваць пабоі. У выпісцы ўрачы паказалі ўдар мяккіх тканін галавы і ўдар верхняй частцы галёнкі.
У панядзелак паеду здымаць пабоі на судмедэкспертызу і на кансультацыю ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Думаю падаць скаргу кіраўніцтву ГЦ «Скала» на дзеянні аховы і, у прыватнасці, на дзеянні намесніка начальніка аховы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, а далей застаецца толькі чакаць як будуць развівацца падзеі. Да нараду міліцыі, якая прыехала на выклік прэтэнзій няма.
Пікеты планую працягваць у любым выпадку — на гэтай жа пляцоўцы каля ГЦ "Скала" ў тым ліку. Учора атрымалася сабраць толькі 6 подпісаў — проста не паспеў сабраць больш", — распавёў "Беларускаму партызану" Валер Бычкоўскі.
Нагадаем, што ўвечары 13 верасня Валер Бычкоўскі збіраў подпісы каля ГЦ "Скала". Намеснік начальніка аховы ГЦ "Скала" Андрэй Чумак падышоў да Валерыя, запатрабаваў адысці ад уваходу ў гандлёвы цэнтр, а калі атрымаў адмову — пачаў яго штурхаць, вырываць тэлефон і ламаць стэнд.
Канфлікт скончыўся тым, што Бычкоўскага павалілі тварам у асфальт, начапілі кайданкі і зацягнулі ў пакой аховы, пасля чаго намеснік начальніка і Бычкоўскі напісалі заявы адзін на аднаго ў Фрунзенскім РУУС.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.