Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магчымыя кандыдаты па аршанскіх акругах вызначаныя

Усе, хто хацеў вылучацца ў дэпутаты шляхам збору подпісаў, зарэгістраваныя выбарчымі камісіямі, паведамляе orsha.eu.

Агулам па дзвух аршанскіх выбарчых акругах на дадзены момант кандыдатаў у дэпутаты набралося дзевяць чалавек. Кандыдаты яшчэ могуць вылучацца і партыямі, што адбудзецца крыху пазней.

Па Аршанскай гарадской акрузе свае ініцыятыўныя групы зарэгістравала чатыры чалавекі. Найбольш актыўна ўжо пачаў збор подпісаў блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы ў youtube як "Серый кот". Ён безпартыйны, сімпатызуе дэмакратам і таму пікеты робіць пад бел-чырвона-белым сцягам.

Зарэгістраваўся таксама Аляксандар Школьнікаў. Пакуль пра яго мала інфармацыі, вядома, што ён даўні актывіст і сёння вылучаецца пры падтрымцы аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", якую ўзначальвае Мікалай Статкевіч.

Відавочны кандыдат ад улады на гэтай акрузе - Іна Крачэк. Яна кіруе аршанскім радзільным домам і як палітык ніколі пра сябе не заяўляла.

Адзіны кандыдат, які вылучаецца ад зарэгістраванай Аб'яднанай грамадзянскай партыі - Сяргей Пракапчук. Ён мае права на партыйнае вылучэнне, але вырашыў больш папрацаваць з выбаршчыкамі. Пакуль за яго збіраюць подпісы абыходам кватэраў. Пракапчук - былы прадпрымальнік, але сёння працуе ў прыватнай будаўнічай фірме.

Па 26-ай Аршанскай-Дняпроўскай акрузе, ў якой будуць галасаваць жыхары раёну ды прычыгуначнай часткі горада, вылучаецца пяць кандыдатаў.

Першым зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу дзеючы дэпутат Віталь Чудовіч. Да свайго дэпутацтва ён працаваў на чыгунцы.

Яшчэ адзін кандыдат з чыгуначнікаў - Валерый Агеенка. Ён працуе машыністам і з'яўляецца незалежным кандыдатам, які вылучыўся без падтрымкі нейкіх палітычных структураў.

Вылучаюцца па гэтай акрузе адразу два фізкультурнікі. Цалкам верагодна, што фізрук Копысскай школы Васіль Дымкоў будзе спарынг-партнёрам Чудовіча. Дымкоў ужо балатаваўся на мясцовых выбарах, дзе таксама быў спарынг-партнёрам выканкамаўскай кандыдаткі, якая і выйграла.

Другі фізкультурнік - Вадзім Чарняўскі - інструктар ФСК "Орша", які працуе ў Барані. Чалавек ён даволі заўважны, але ніколі пра палітычныя амбіцыі таксама не заяўляў.

Адзіны партыйны кандыдат па гэтай акрузе - Алена Кучынская. Яна сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, хаця вылучаецца пры падтрымцы Руху "За свабоду". Яна вядомая грамадская актывістка, і раней ужо вылучалася кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары