Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік: выбарчая кампанія ў Віцебску ідзе па сцэнары Ярмошынай

12 верасня скончыўся этап падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Чатыры акруговыя выбарчыя камісіі, якія размешчаныя ў межах Віцебску, зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў грамадзянаў, піша "Віцебская Вясна".

Нагадаем: каб прэтэндэнт на атрыманне дэпутацкага мандату быў зарэгістраваны, ён мусіць сабраць як мінімум 1000 подпісаў.

Хто гэтыя людзі, што прагнуць улады?

Паводле звестак камісіяў, гэта пенсіянеры, дырэктары камерцыйных і дзяржпрадпрыемстваў, рэктар ВНУ, гарадзкі чыноўнік, індывідуальны прадпрымальнік, рабочы, а таксама – беспрацоўныя.

Восем магчымых кандыдатаў – прадстаўнікі апазыцыйных партый. Астатнія 11 прэтэндэнтаў не адносяць сябе ні да адной з зарэгістраваных у краіне палітычных партый.

Адзначым, што збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў ідзе млява. Пакуль што прадстаўнікі ініцыятыўных групаў, за рэдкім выключэннем, не ладзяць пікетаў па зборы подпісаў.

Акруговыя камісіі ўзгаднілі з раённымі адміністрацыямі гораду месцы размяшчэння больш за 150 участковых выбарчых камісій. Але ў незалежных назіральнікаў узнікла пытанне аб абсталяванні будынкаў безбар’ернай інфраструктурай, каб людзі з інваліднасцю маглі самастойна наведваць выбарчыя ўчасткі для галасавання. У акруговых камісіях паабяцалі, што гэтае пытаньне будзе вырашана “па меры магчымасьці” на кожным канкрэтным участку.

Колькі будуць каштаваць выбары на Віцебшчыне

Да пачатку верасня абласныя выканаўчыя органы ўлады вырашылі і пытанне фінансавання выбарчай кампаніі. Для гэтых мэтаў былі вылучаныя неабходныя грашовыя сродкі.

На ўсю вобласьць выдаткавалі крыху больш за 290 000 рублёў.

На забеспячэнне працы кожнай акруговай выбарчай камісіі даецца па 20 600 рублёў. А праца Віцебскай абласной выбарчай камісіі, уключаючы выдаткі на тэхнічныя патрэбы кампаніі, абыдзецца бюджэту ў суму каля 33 000 рублёў.

Назіральнік: Ярмошына не зважае на парушэньні

Як мяркуе праваабаронца Леанід Свецік, зарэгістраваны назіральнікам у дзвюх акруговых выбарчых камісіях (№19 і 20), пачатак бягучай кампаніі мала чым адрозніваецца ад выбараў мінулых гадоў. Свецік назірае за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў ужо 11-ты раз. Ён заўважае, што прадказальнасць метадаў і відавочнасць іх вынікаў пры правядзенні ўладамі выбараў выявіліся ўжо падчас фармавання Віцебскай абласной і 14 акруговых выбарчых камісій ды падчас рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

Тым ня менш, былі зафіксаваныя і дакументальна пацверджаныя грубыя парушэнні дзейнага выбарчага заканадаўства на АВК №19. Гэтак, з парушэннямі была зарэгістраваная ініцыятыўная група Вольгі Каравашкінай. І хоць парушэнні патрабаванняў закону былі відавочныя для сябраў камісіі, яны прагаласавалі за рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Каравашкінай.

З гэтай нагоды праваабаронца звярнуўся ў Цэнтральную выбарчую камісію і атрымаў адказ.

ЦВК паведамляе, што “акруговая выбарчая камісія, усебакова вывучыўшы прадстаўленыя Каравашкінай дакументы, палічыла, што дапушчаныя недахопы тэхнічнага характару ў афармленні ёй спісу сябраў ініцыятыўнай групы не могуць быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі групы”.  

Гэта, на думку праваабаронцы, не робіць гонару заслужанаму юрысту краіны Лідзіі Ярмошынай, якая не зважае на відавочныя парушэнні выбарчага закону сябрамі АВК №19.

Стрым і відэа – пад забаронай

Акрамя таго, Леаніду Свеціку не дазволілі рабіць аўдыёзапіс, фота- і відэаздымкі, а таксама стрым-трансляцыі паседжанняў акруговых камісій, што ёсць парушэннем арт.13 Выбарчага кодэксу РБ.

“Старшыня акруговай выбарчай камісіі №19 Святлана Міхальчанка і старшыня АВК №20 Мікалай Канявалаў не дазволілі мне ў інтарэсах выбаршчыкаў весьці анлайн-трансляцыю паседжанняў камісій. Незразумела, што яны хаваюць ад грамадзянаў, але падобныя паводзіны кіраўнікоў камісій выклікаюць сумненні, што ў гэтых акругах выбары ў парламент пройдуць адкрыта і галосна, як таго патрабуюць міжнародныя стандарты”, – выказаў меркаванне незалежны назіральнік.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары