Граф Прушынскі не змог зарэгістраваць ініцыятыўную групу
Чарговае паседжанне Гарадзенскай ТВК па выбарах у Палату прадстаўнікоў, якое адбылося 18 верасня і доўжылася 20 хвілін, было прыкметнае тым, што на ім гаварылася пра скаргу па адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Прушынскага, паведаміў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель, які прысутнічаў на паседжанні. Пра гэта піша Гарадзенская Вясна.
Эксцэнтрычны граф Прушынскі падаў на рэгістрацыю сваю ініцыятыўную групу па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48. АВК Ваўкавыскай выбарчай акругі №48 13 верасня адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы з прычыны недакладных дадзеных трох чалавек у спісе групы. Колькасць сябраў групы з 11 зменшалася да 8 чалавек і яе згодна з выбарчым заканадаўствам не зарэгістравалі. З прычыны таго, што скаргу ад Аляксандра Прушынскага падалі толькі 16.09.19, з-за пропуска тэрмінаў абскарджання, скарга пакінутая ТВК без разгляду.
Вёў паседжанне старшыня Гарадзенскай ТВК Уладзімір Хлябіч. Было абвешчана, што 13 верасня скончана фармаванне ўчасткаў для галасавання. Усяго на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці сфармавана 669 участкаў, у тым ліку 40 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, шпіталях, 2 – у вайсковых частках.
З 46 ініцыятыўных груп, падаўшых заявы, было зарэгістравана 44 па 13 акруговых выбарчых камісіях Гарадзенскай вобласці. Зафіксавана адна адмова ў рэгістрацыі, яшчэ адна заява была адкліканая падавальнікам. Усяго зарэгістраваныя 33 групы беспартыйнымі асобамі і 11 ад палітычных партый (ПБНФ – 4, АГП – 2, БСДП (Грамада) – 1, БПЛ “Справядлівы свет” – 3, ЛДПБ – 1). Найбольш ініцыятыўных групаў зарэгістравана па чатырох АВК у Гародні. Так больш усяго – 7 групаў па Гарадзенскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №50. Па ўсіх акругах таксама зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты, кіраўнікоў прадпрыемстваў, галоўных дактароў і чыноўнікаў.
Граф Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў маёнтку Рагозніца на Гарадзеншчыне. Разам з сям’ёй эміграваў. Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1990-х гадоў. Некалькі гадоў таму граф атрымаў беларускае грамадзянства. Неаднаразова заяўляў аб намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.