Адкуль грошыкі на агітацыю, спадар Карась?
У грамадскіх месцах Наваполацка некалькі дзён таму з’явіліся плакаты з біяграфічнымі звесткамі прэтэндэнта на кандыдацтва Дзяніса Карася. Ягоная ініцыятыўная група зарэгістраваная выбарчай камісіяй Наваполацкай выбарчай акругі №24.
Сябра Партыі БНФ Вольга Дамаскіна, якая таксама вылучаецца па гэтай жа акрузе, паведаміла ў сацыяльных сетках:
"Вось так у Наваполацку. Яшчэ нават і не кандыдат, а ўжо расклеены ўлёткі па інтэрнатах і прадпрыемствах. Агітацыя???"
Так, сапраўды, агітацыйныя матэрыялы вылучэнца ў кандыдаты размешчаныя ў грамадскіх месцах заўчасна, яшчэ да абвяшчэння яго кандыдатам, але на такую драбязу выбарчыя камісіі нярэдка проста закрываюць вочы.
Напрыклад, як гэта здарылася ў Менску з Таццянай Сайганавай, дзеючай дэпутаткай Парламента, якая ўжо зараз называе сябе кандыдатам у дэпутаты, не саромеючыся і нават без рашэння адпаведнай камісіі аб рэгістрацыі.
А вось Дзяніс Карась, які займае пасаду начальніка ўстаноўкі нафтавага паліва і араматыкі ААТ “Нафтан”, увогуле вырашыў проста плюнуць на выбарчае заканадаўства, згодна з якім агітацыйная прадукцыя вырабляецца толькі са сродкаў выбарчага фонду. Фонд жа можна стварыць толькі пасля атрымання пасведчання аб рэгістрацыі кандыдата. Менавіта з грашовага рахунку кандыдата можна аплочваць розныя віды агітацыйнай прадукцыі, а не з уласнай кішэні нават яшчэ і не кандыдата.
Яго нават не бянтэжыць, што на плакатах адсутнічаюць выходныя дадзеныя: пазнака друкарні, нумар замовы, наклад.
Можа не варта так спяшацца, спадар Карась, можна і ў нерат патрапіць?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.