Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў: 16-22 верасня
Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
– па дадзеных ЦВК усяго па краіне было зарэгістравана 487 ініцыятыўныя групы з 503 пададзеных на рэгістрацыю ў АВК. Такім чынам, колькасць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў склала 14 выпадкаў, што з’яўляецца найменьшым паказальнікам за перыяд правядзення парламенцкіх выбараў 2008, 2012, 2016 гг.;
– зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы прыступілі да збору подпісаў, што зрабіла выбарчую кампанію больш заўважнай для грамадзянаў. Пры гэтым, СМІ, як і раней, не актыўна асвятляюць бягучую выбарчую кампанію;
– за справаздачны перыяд назіральнікамі кампаніі адзначаныя выпадкі вынясення папярэджанняў АВК аб парушэнні патрабаванняў выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў асобам, якія вылучаюцца ў якасці кандыдатаў і іх ініцыятыўным групам. У асноўным, дадзеныя папярэджанні датычацца выкарыстання агітацыі пры правядзенні пікетаванняў па зборы подпісаў (выкарыстанне лозунгаў, палажэнняў перадвыбарчых праграм і г.д.). Пры гэтым, назіральнікамі адзначаецца выбарачны падыход АВК пры вынясенні такіх папярэджанняў – усе папярэджанні вынесеныя выключна прадстаўнікам апазіцыі, а падобныя парушэнні з боку праўладных кандыдатур застаюцца па-за ўвагай АВК;
– назіральнікі кампаніі адзначаюць выпадкі выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатур, якіх падтрымлівае ўлада: збор подпісаў адміністрацыямі прадпрыемстваў на працоўным месцы і ў працоўны час, уключэнне падначаленых у склад ініцыятыўных групаў па вылучэнні праўладных кандыдатаў і інш. Трэба адзначыць, што грамадзяне баяцца называць свае прозвішчы пры прадастаўленні такой інфармацыі пад страхам негатыўных наступстваў.