Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: вылучэнцу ў парламент, які заклікае Лукашэнку сысці ў адстаўку, вынеслі папярэджанне

Васіль Курушын (злева) падчас аднаго з пікетаў. Фота: mspring.online
Васіль Курушын (злева) падчас аднаго з пікетаў. Фота: mspring.online

У пятніцу, 20 верасня, Васіль Курушын збіраў подпісы для вылучэння кандыдатам у дэпутаты на парламенцкія выбары-2019 па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 побач з гандлёвым цэнтрам «Парк-сіці».

Па інфармацыі mspring.online, на інфармацыйным стэндзе Курушына, апроч інфармацыі пра самога вылучэнца, вісеў партрэт палітыка Мікалая Статкевіча, які мае намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Курушын прапаноўваў магілёўцам ужо зараз запісвацца ў ініцыятыўную групу Статкевіча.
Таксама Курушын вывесіў плакат з патрабаваннем, каб Аляксандр Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта Беларусі.

На вылучэнца ў парламент паскардзіліся некаторыя гараджане. На месца выехаў сакратар акруговай выбарчай камісіі (АВК) Сяргей Казлоўскі, які зняў пікет Курушына на відэа.
На наступны дзень АВК вынес папярэджанне патэнцыйнаму кандыдату:

– Пікет не адпавядаў мэце свайго прызначэння, пры яго правядзенні выкарыстоўвалася інфармацыя, якая не адносіцца да вылучэння асобы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання шляхам збору подпісаў. Дадзеныя факты пацвярджаюцца відэаматэрыяламі, – гаворыцца ў рашэнні камісіі.

Па словах назіральніка Аляксея Колчына, калі Курушыну дадуць яшчэ адно папярэджанне, то яго могуць не зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары