"Знаёмы і невядомы перакладчык". Смаргонскія раёнкі працягваюць піяр праўладнага вылучэнца
У Смаргонскай выбарчай акрузе №59 прэтэндэнт на статус кандыдата ў дэпутаты ад улады Віктар Свіла – намеснік старшыні Астравецкага райвыканкаму - працягвае рабіць выклікі заканадаўству ў частцы парадку і тэрмінаў правядзення агітацыі.
Як раней паведамлялі, у падкантрольнай Астравецкаму райвыканкаму газеце “Астравецкая праўда” за тыдзень да рэгістрацыі яго ў якасці прэтэндэнта было размешчана інтэрв’ю з ім пад назвай “Віктар Свіла, знаёмы і невядомы”. Яно накіравана выключна на тое, каб паказаць станоўчыя дасягненні дадзенай асобы на службе, а таксама прадставіць пазітыўныя сямейнае становішча і захапленні.
Мала таго, у нумары ад 11.09.2019 іншай смаргонскай дзяржаўнай газеты “Светлы шлях” за два дні да рэгістрацыі ў якасці прэтэндэнта, у раздзеле “Ведай свой край” размяшчаецца частка перакладу з польскай мовы на рускую кнігі Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”. Аўтарам перакладу з’яўляецца, як падкрэсліваецца ў прадмове, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла – ініцыятар і арганізатар з’яўлення ў Астраўцы 10 каменных скульптур – візітнай карткі горада.
Пікантнасць сітуацыі дадае той факт, што перакладам згаданай кнігі Віктар Свіла заняўся менавіта перад выбарчай кампаніяй і якраз пасля выхаду згаданай кнігі ў 2018 годзе на беларускай мове.
З прычыны выкарыстання Віктарам Свілам службовага становішча і дзяржаўнай прэсы назіральнік у выбарчай камісіі №59, праваабаронца Алесь Дзергачоў падаў заяву ў дадзеную камісію.
Ён звярнуў увагу, што з’яўленне гэтых матэрыялаў у падкантрольных органам улады СМІ падчас афіцыйна абвешчанай выбарчай кампаніі, у перыяд фарміравання ініцыятыўнай групы з аднолькавым фотаздымкам асобы ў абодвух СМІ сведчыць пра спланаваную акцыю па папулярызацыі гэтай службовай асобы дзеля стварэння спрыяльных умоў для збору подпісаў і далейшага яго абрання дэпутатам.
Па меркаванні Алеся Дзергачова, гэтыя публікацыі трэба лічыць агітацыйнымі матэрыяламі. А таму ён запатрабаваў разглядзець на пасяджэнні камісіі пытанне аб вынясенні папярэджання Віктару Свіле, а таксама кампенсацыі выдаткаў названых СМІ на публікацыі пра дадзенага прэтэндэнта за кошт яго перадвыбарчага фонду пасля рэгістрацыі як кандыдата.
У мэтах стварэння роўных умоў для прэтэндэнтаў на статус кандыдата заяўнік прапанаваў абавязаць рэдакцыі названых СМІ размясціць раўназначныя біяграфічныя матэрыялы і матэрыялы пра грамадскую дзейнасць прэтэндэнта ад АГП па гэтай акрузе Івана Крука.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.