Перадвыбарчая руціна ў Віцебску: палітычныя партыі толькі прачынаюцца
Назіральнік з Віцебску Леанід Свецік адзначае, рэдкія і малалюдныя партыйныя пікеты па зборы подпісаў ініцыятыўнымі групамі, адсутнасць назіральнікаў у Віцебскай абласной і акруговых камісіях, маўчанне ў СМІ – усё гэта адбываецца на фоне актыўнай працы грамадзкіх аб'яднанняў, якія зарэгістравалі ўжо 49 назіральнікаў у выбаркамы ўсіх узроўняў.
Два кандыдаты ад калектываў
Пакуль што толькі два працоўныя калектывы ў Віцебску скарысталіся правам вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты: турысцка-гасцінічнага комплексу “Лучоса”, які вылучыў свайго кіраўніка Дзмітрыя Ягорава, і Віцебскай ЦЭЦ “далі дабро” намесніку дырэктара прадпрыемства Аляксандру Каплеўскаму.
Чым займаюцца ўлады
Адміністрацыі раёнаў гораду вядуць падрыхтоўку да фармавання ўчастковых камісій.
Яны звярнуліся да палітычных партый ды іншых грамадзкіх аб'яднанняў, да працоўных калектываў і грамадзянаў з просьбай падаваць дакументы кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій. Неабходнай умовай разгляду кандыдатуры будзе наяўнасць у кандыдата характарыстыкі яго службовых і асабістых якасцяў.
Сродкам масавай інфармацыі няма пра што пісаць
Адсутнасць рэальнай палітычнай барацьбы за права працаваць у парламенце спараджае інфармацыйны вакуўм у сродках масавай інфармацыі.
Аднак ёсць і “станоўчыя” прыклады. На старонках інтэрнэт-сайтаў раённых газет “Родныя вытокі” (Докшыцкі раён), “Веснік Глыбоччыны” і “Патрыёт” (Вушацкі раён) ад пачатку выбарчай кампаніі як мінімум восем раз згадваўся дзейны старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка. Нагоды былі розныя: адкрыццё дзіцячага садку ў Докшыцах, увядзенне ў эксплуатацыю корпусу цэнтральнай раённай бальніцы ў Глыбокім, адкрыццё пасля мадэрнізацыі і капрамонту ясляў-садку ў Вушачах.
Магчымай разгадкай такой пільнай медыйнай увагі дзяржаўных мясцовых СМІ да асобы спікера парламенту Уладзімера Андрэйчанкі з'яўляецца ягоны намер зноў стаць дэпутатам. Аб гэтым сведчыць факт рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале