На пікет па зборы подпісаў у Гомелі напаў невядомы
Здарэнне адбылося 24 верасня на праспекце Кастрычніка, 32 каля маторарамонтнага завода абласнога цэнтра. Да пікета Андрэя Пуканава, які зарэгістраваны ў Гомельскай-Прамысловым акрузе №35 падышоў невядомы мужчына і стаў правакаваць сяброў ініцыятыўнай групы.
Пра інцыдэнт, як паведамляе Гомельская Вясна, 26 верасня незалежнаму назіральніку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леаніду Судаленка паведаміла член ініцыятыўнай групы Святлана Розенталь.
Паводле яе слоў, малады чалавек паводзіў сябе нахабна і агрэсіўна, спрабаваў сарваць у яе з галавы сонцаахоўныя акуляры, гучна абвінавачваў групу ў падмане выбаршчыкаў, пасля чаго сарваў з планшэткі плакат «Лукашэнка павінен сысці», парваў яго і тут жа кінуў на зямлю.
Ініцыятыўная група выклікала міліцыю. Нарад адвёў маладога правакатара ў службовую "газэль" і праз прыкладна паўгадзіны выпусціў. Міліцыя адмовілася паведаміць, ці быў складзены супраць хулігана адміністрацыйны пратакол.
На гэтым прыгоды групы не скончыліся. На пікеце з'явілася сама старшыня акруговага выбаркама №35 Ала Андрушчанка, запатрабаваўшы зняць з планшэткі ўсю інфармацыю, за выключэннем біяграфіі прэтэндэнта. У прыватнасці, ёй не спадабалася размешчаная на планшэткай праграма суіскальніка дэпутацкага мандату. Яна заявіла, што не сыдзе, пакуль члены групы не прыбяруць праграму, якая, на яе думку, з'яўляецца «перадвыбарнай агітацыяй».
У выніку члены групы Святлана Розенталь і Віталь Смоліч былі вымушаныя згарнуць працу пікету па зборы подпісаў выбаршчыкаў, а ўжо назаўтра, 25 верасня акруговая камісія вынесла прэтэндэнту ад партыі Народная Грамада другое папярэджанне. Папярэджанне таксама па дадзеным інцыдэнце было вынесена і яго ініцыятыўнай групе.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.