Пайшоў збіраць подпісы — апынуўся ў міліцыі
Пра інцыдэнт на Мінскай-Коласаўскай выбарчай акрузе №106 паведаміў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.
"Каля 15 гадзін мне патэлефанаваў вылучэнец у кандыдаты па гэтай акрузе Ігар Кібальчыч. Паведаміў, што сябра яго ініцыятыўнай групы Леанід Даліннік, калі пайшоў збіраць подпісы па кватэрах па вуліцы Багдановіча ў Мінску, трапіў у канфліктную сітуацыю. У адной з кватэр адкрыў грамадзянін Беларусі армянскага паходжання па імені Ара. Ён пачаў абурацца тым, што зборшчык подпісаў разбудзіў яго дзяцей і выклікаў міліцыю", — распавядае назіральнік.
Вядома, што супрацоўнікі міліцыі даставілі Далінніка ў Савецкае РУУС г. Мінска. Па словах Кібальчыча, на Леаніда Далінніка быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Інфармацыя ўдакладняецца.
Сам вылучэнец у кандыдаты ў дэпутаты звязвае гэтую сітуацыю з іншым інцыдэнтам:
"Пазаўчора праходзіў міма ініцыятыўнай групы, якая збірала подпісы за вылучэнца ад "Белай Русі" прарэктара БДУІР Сяргея Дзіка. Высвятліў, што подпісы збіраюць студэнты, якія не з'яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы. Таксама вядома, што студэнтам прыгразілі, каб яны не паставілі ніводнага подпісу ў маю падтрымку".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.