Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў: 23-28 верасня
Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
- збор подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты праходзіць у спакойнай абстаноўцы. На пікетах большую актыўнасць праяўляюць ініцыятыўныя групы апазіцыйных актывістаў;
- большасць палітычных партый вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Працоўныя калектывы пакуль неактыўна выкарыстоўваюць такую магчымасць;
- 24 верасня адбылося пасяджэнне ЦВК, на якім сярод іншага прынята Пастанова аб стварэнні Інфармацыйнага цэнтра “Выбары-2019”, заслухана інфармацыя выканаўчых камітэтаў аб стварэнні ўмоў для ўдзелу ў выбарах асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Палажэнне аб Інфармацыйным цэнтры “Выбары-2019” выклікала крытыку з боку БАЖ з-за магчымага нядопуску да працы цэнтра незалежных СМІ;
- працягваецца практыка вынясення АВК папярэджанняў аб парушэнні выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў асобам, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты. У асноўным папярэджанні выкліканыя фактамі агітацыі пры правядзенні пікетавання па зборы подпісаў (выкарыстанне лозунгаў, палажэнняў перадвыбарчых праграм і інш.). Назіральнікі адзначаюць дыскрымінацыйны падыход АВК пры вынясенні такіх папярэджанняў – усе яны дадзеныя выключна прадстаўнікам апазіцыі, у той час як падобныя факты агітацыі з боку праўладных кандыдатур застаюцца па-за ўвагай АВК;
- па стане на 27 верасня ў выбарчыя камісіі і мясцовыя органы ўлады было накіравана амаль 200 скаргаў і зваротаў. Варта адзначыць пазітыўную практыку публікацыі рашэнняў, прынятых выбарчымі камісіямі па скаргах удзельнікаў выбарчай кампаніі.