Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Правакацыі на перадвыбарчых пікетах “Народнай Грамады” у Віцебску і Оршы

Як паведамляе "Віцебская Вясна", на перадвыбарчым пікеце “Народнай Грамады” у Віцебску, на якім прысутнічаў старшыня партыі Мікола Статкевіч, невядомы мужчына зламаў дрэўка бел-чырвона-белага сцягу. Аднак на гэтым канфлікт ня скончыўся.

Да мужчыны, які пашкодзіў дрэўка сцяга, падскочыў яшчэ адзін грамадзянін і ўдарыў яго па твары. Пасля гэтага апошні няспешна сышоў з месца здарэння.

Удзельнікі пікету, якія сталі сведкамі інцыдэнту, упэўненыя, што абодва мужчыны  былі правакатарамі. 

Адразу пасля здарэння пікетоўцы выклікалі міліцыю.

Мужчына, які зламаў дрэўка быў перакананы, відаць, у сваёй беспакаранасці і нікуды не сыходзіў. Свой учынак патлумачыў тым, што ён гарачы прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, а ўдзельнікі пікету зневажалі ягоныя пачуцці. Недзе праз 25 хвілінаў на месца здарэння для складання пратаколу прыбыў прадстаўнік мясцовага РАУС.

Старшыня БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч пабачыў правакацыю.

“Тое, што зараз адбываецца, ёсць сведчаннем пэўнай дэмаралізацыі ўладаў. Яны баяцца нас кранаць. Таму кідаюць у бой апошнія рэзэрвы. Збіраюць ветэранаў сілавых структур, якія затым ідуць скандаліць на пікеты. Але мы паважаем іх узрост: слухаем, размаўляем, а некаторых пасля нават запісваем у сваю каманду на прэзыдэнцкія выбары. У Віцебску выкарысталі нейкіх “бамжоў”. Яны чакалі, што мы будзем дзейнічаць па іх сцэнары і станем клоўнамі ў іхнім выбарчым цырку. Мы ж ламаем гэты сцэнар і выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб прасунуць сваю павестку. Працуем на тое, каб зрабіць беларусаў больш вольнымі і больш смелымі, фармуем сваю каманду”, – сказаў лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч.

У сваю чаргу сайт orsha.eu адзначае, што 29 верасня перадвыбарчы пікет з удзелам Мікалая Статкевіча у Оршы таксама спрабавалі сарваць правакатары ў касцюмах чалавекаў-павукоў.

Сваёй прысутнасцю кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" прыехаў падтрымаць не толькі кандыдатаў, якія ўваходзяць у аргкамітэт яго партыі, але і абвесціць перад прысутнымі, што плануе балатавацца ў наступным годзе кандыдатам у прэзідэнты.

Прысутнасць Статкевіча прыцягнула ўвагу не толькі звычайных аршанцаў, але і правакатараў. Двое мужчынаў падыйшлі да пікету, калі Мікалай Статкевіч пачаў адказваць на пытанні сабраўшыхся. Правакатары разгарнулі вясёлкавыя сцягі, якія асацыююцца ў большасці з ЛГБТК-супольнасцю, і пакрычалі нешта ў падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў ды самога Статкевіча. Разабраць выкрыкі было складана, бо чалавекі-павукі пабылі каля пікета меньш за хвіліну, а потым сыйшлі ў бок рынка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары