Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцкая міліцыя затрымала актывістаў на выбарчым пікеце

А 13-й гадзіне 1 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі ў Слуцку затрымалі Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка — кіраўніка і чальца ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аліны Нагорнай кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта піша “Радыё Свабода”.

Пікет Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка за мэмарыял Слуцкім паўстанцам
Пікет Ігара Случака і Юрыя Піваварчыка за мэмарыял Слуцкім паўстанцам

Супрацоўнікі міліцыі, як сказаў Свабодзе Случак, прасілі ў іх пасведчанні і падпісныя лісты. Актывісты паказалі дакументы, але абодвух усё роўна забралі ў РАУС, заявіўшы, што яны стаялі «там, дзе нельга стаяць». Случак кажа, што стаялі яны не ў забароненым для пікетаў месцы — каля Дома культуры.

Актывістаў адпусцілі праз дзве з паловай гадзіны і не выстаўлялі ніякіх абвінавачанняў. Але, адзначае Случак, у Беларусі «не часта затрымліваюць ініцыятыўныя групы».

Ён прызнае: мэтай акцыі быў не збор подпісаў. Сама Нагорная не збіраецца вылучацца ў дэпутаты, а ініцыятыўныя групы рэгістраваліся, каб правесці даследаванне і зладзіць пікеты за помнік удзельнікам Слуцкага паўстання 1920 году (кампанія так і завецца: #ЗаПомнік).

На пікеце актывісты раздавалі паштоўкі з QR-кодам (адна такая ўжо была ў РАУС), які вядзе на галасаванне на сайце 1920.by, дзе наведнікам прапануюць паўдзельнічаць у выбары варыянту помніка Слуцкім паўстанцам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары