Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Партыя БНФ: Замест праверкі па скарзе на дзеючую дэпутатку — папярэджанне

Ініцытыўнай групе па вылучэнні старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва кандыдатам у дэпутаты па акрузе №95 вынесенае папярэджанне за парушэнне парадку збора подпісаў падчас пікетаў. Пра гэта паведамляе афіцыйная старонка ў фэйсбуку партыі.

Як адзначаецца, падставай для папярэджання стала "выкарыстанне падчас пікета інфармацыі, якая не датычыцца вылучэння кандыдатам у дэпутаты", а менавіта — "інфармаванне грамадзян пра дзейнасць Партыі БНФ". Папярэджанне было вынесенае пасля таго, як камісія разглядзела і адхіліла скаргу Рыгора Кастусёва на парушэнні з боку ініцыятыўнай групы праўладнай вылучэнкі Сайганавай: дзяржаўныя арганізацыі ладзяць сустрэчы з ёй і аказваюць дапамогу ў зборы подпісаў, пры гэтым адміністрацыя на тэрыторыі акругі ўжо цяпер прадстаўляюць Сайганаву як кандыдата ў дэпутаты.

З тэкстам рашэння можна азнаёміцца ТУТ.

Раней на гэты інцыдэнт звярталі ўвагу і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Сапраўды Таццяна Іванаўна Сайганава з'яўляецца дзеючай дэпутаткай Парламента. Але называць сябе кандыдатам у дэпутаты Сайганава ў аб’яве пра сустрэчу 11 верасня відавочна паспяшалася. З 8 верасня па 7 кастрычніка праходзіць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, таму такія асобы могуць называць сябе толькі прэтэндэнтамі ў кандыдаты дэпутаты або вылучэнцамі.

“Цікава працуе акруговая камісія №95. Пры разглядзе маёй скаргі нават і не падумалі запрашаць мяне на пасяджэнне камісіі, хоць я загадзя папярэдзіў аб сваім намеры прысутнічаць. Па факту яўнага парушэння заканадаўства з боку спадарыні Сайганавай камісія не заўважыла. І ў той жа час "аператыўненька" спрацавалі па факту збору подпісаў сябрам маёй ініцыятыўнай групы А.Талстыкам, пры гэтым, нават, не папярэдзіўшы мяне аб пасяджэнні”, — каментуе сітуацыю старшыня партыі Рыгор Кастусёў.

Таксама паведамляецца пра яшчэ адно папярэджанне ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты сябры Партыі БНФ Валерыя Рабцава.

Папярэджанне было вынесена камісіяй Заслаўскай выбарчай акругі №77 на падставе інфармацыі з Бараўлянскага аддзела міліцыі. Інцыдэнт адбыўся  каля ўстановы “Паедзем-Паядзім”. З тэкстам рашэння камісіі можна азнаёміцца ТУТ.

“Механізм вынясення папярэджання аналагічны таму, што выкарыстоўваўся пры вынясенні папярэджанняў іншым вылучэнцам дэмакратычных сілаў: ахова рэстарацыі ўчыніла бойку каля пікету і спрабавала перашкодзіць збору подпісаў, пра што была пададзеная скарга — і акруговая камісія вынесла папярэджаньне самому дэмакратычнаму вылучэнцу, а не тым хто перашкаджаў збору подпісаў”, — піша партыя БНФ.

Як паведаміла euroradio.fm старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына за час збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі вынеслі больш за 20 папярэджанняў. У асноўным яны звязаны з "няправільнымі" пікетамі, дзе патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты не проста збіраць подпісы, але і агітуюць за сваё абранне. А гэта забаронена да таго, як кандыдат у дэпутаты будзе зарэгістраваны.

"Цэнтрвыбаркам атрымлівае такую ​​статыстыку. Дакладнай лічбы на дадзены момант няма, але па стане на канец мінулага тыдня іх было 22", — распавяла Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары