У Гародні ўчастковыя камісіі створаны фактычна без прадстаўнікоў палітычных партый
Першага кастрычніка ў Гародні адміністрацыямі выканкамаў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў адбылося фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій. Усяго на тэрыторыі горада створана 138 УВК па чатырох акругах (64 УВК у Ленінскім і 74 у Кастрычніцкім раёне).
У Ленінскім раёне было агучана, што патрапіць у УВК хацелі 962 чалавекі. Менавіта столькі было пададзена заявак. З іх 426 ад розных арганізацый, што склала 46 % ад усяго спісу, 191 ад працоўных калектываў, 39 вылучылі грамадзяне.
У выніку ўчастковыя камісіі па Ленінскім раёне сфарміраваныя без прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый. Было заяўлена, што пратаколы партыі БНФ па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі пададзены з парушэннем, таму аніводны прадстаўнік гэтай партыі не трапіў у склад камісій. Прадстаўнікам Гарадзенскай партыі БНФ было адмоўлена ўсім абсалютна, паколькі, па версіі адміністрацыі, ва ўсіх была знойдзена адна і тая ж памылка ў пратаколе. А менавіта не была ўказаная назва акруговай камісіі, на тэрыторыі якой прадстаўнікі БНФ хацелі трапіць ва УВК. Пратаколы БНФ падаваліся толькі па АВК №51 (на 21 з 27 участкаў), па якой хоча вылучацца лідар гарадзенскага БНФ Вадзім Саранчукоў.
Вадзім Саранчукоў не пагадзіўся з адміністрацыяй Ленінскага раёну Гародні і заявіў, што будзе абскарджваць гэтае неўключэнне.
Пра астатніх прэтэндэнтах заяўлялася, што крытэрам для адбору былі досвед працы ў камісіі, праца ў калектыве, персанальныя якасці.
Па Ленінскім раёне былі ўключаныя ў участковыя камісіі на АВК № 51 – 314 чалавек, на АВК № 52 – 444 чалавекі. Усяго 758 з 962 паданых.
Ва ўчастковыя камісіі увайшлі прадстаўнікі такіх арганізацый як “Белая Русь”, БРСМ, Беларускі чырвоны крыж, Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускі саюз жанчын, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Саюзу ветэранаў, Беларускі саюз афіцэраў. Месца працы пры агучванні прапанаваных кандыдатур і галасаванні за іх не ўказвалася.
Як паведаміў назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, які прысутнічаў на паседжанні па фармаванні ўчастковых камісій, там, дзе колькасць прапанаваных уключыць ва ўчастковыя камісіі не перавышала патрэбнай спіскавай колькасці сябраў камісіі, галасаванне ішло аўтаматычна, не зачытваючы прозвішчы прэтэндэнтаў. Дзе перавышала – агучваўся спіс прапанаваных на ўключэнне і спосаб іх вылучэння. Затым галасавалася за іх спісам.
На паседжанні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна па фармаванні УВК прысутнічаў іншы назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” – Раман Юргель.
Вёў паседжанне кіраўнік адміністрацыі Алег Бялінскі, яму дапамагала Ларыса Барысава, начальнік арганізацыйна-кадравай работы. У выніку быў зацверджаны колькасны і спіскавы склад участковых камісій. Усяго па Кастрычніцкім раёне былі паданыя 1203 пратаколы. У склад УВК уключаны 904 чалавекі. Ад працоўных калектываў было вылучана 135 чалавек, па заявах грамадзян – 564, ад КПБ – 16, БРСМ – 73, Беларускага саюзу жанчын – 61, “Белай Русі” – 67, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – 141, Саюзу ветэранаў – 69, Беларускага Фонду міра – 47. Ажно 168 чалавек вылучаліся двума спосабамі. Месцы працы вылучэнцаў у камісіі Кастрычніцкага раёна таксама не агучваліся.
Адразу пасля фарміравання УВК Раман Юргель звярнуўся да кіраўніка адміністрацыі Алега Бялінскага з просьбай прысутнічаць на навучанні кіраўніцтва ўчастковых камісій, аднак яму было адмоўлена.
А назіральнік Андрэй Коця, які прысутнічаў на пасяджэнні па фарміраванні ўчастковых камісій Гарадзенскага райвыканкама, стаў сведкам сапраўды рэкордных тэрмінаў пасяджэння. Яно цягнулася ўся 14 хвілін.
Рэкорд тлумачыцца проста. У гэты раёне ў склад УВК не вылучалася ніводнага апазіцыйнага прэтэндэнта. На самым пачатку пасяджэння было заяўлена, што калі колькасны склад кандыдатаў на працу ў камісіях будзе адрознівацца ад зацверджанай колькасці будучых сяброў камісій, то галасаванне будзе паіменным. Але вельмі хутка высветлілася, што на 418 месцаў пададзена 418 заявак. І за 14 хвілін былі сфарміраваныя 34 участковыя камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.