Участковыя камісіі Брэста пад поўным кантролем выканаўчай улады
У Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1 участковыя выбарчыя камісіі, створаныя адміністрацыяй Ленінскага раёна, знаходзяцца пад поўным кантролем выканаўчай ўлады.
Паводле назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Вялічкін, стваральнік рашэння аб утварэнні ўчастковых камісій - загадчыца аддзела арганизацыйна-кадравай працы і адначасова намесніца старшыні АВК-1. У склад усіх участковых камісій увайшло каля 80% прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву або установы (адукацыйнай, напрыклад), вылучаныя рознымі шляхамі: ад праўладных арганізацый (“Белая Русь”, БРСМ, Чырвоны Крыж, Саюз Жанчын, Савет Ветэранаў, Фонд Міра, афіцыйныя профсоюзы), партый (Партыя працы і справядлівасці), ад працоўных калектываў і “ад грамадзян”. Па адным прадстаўніку ў камісіях ад адміністрацый ці іншых дзяржаўных структур.
Напрыклад:
- УВК №25: з 13 чалавек 10 - работнікі СШ №32, 2 – работнікі дзіцячага садка № 79 і прадстаўнік адміністрацыі.
- УВК №30: з 13 чалавек 9 - работнікі “Брэстэнэрга”, 2 – работнікі СМУ-1, пенсіянер і прадстаўнік адміністрацыі.
- УВК №43: з 13 чалавек 12 - работнікі СШ №33 на чале з дырэктара і адзін пенсіянер.
Фармальна вытрыманы патрабаванні ч.2 арт. 34 ВК , які патрабуе, каб не менш за трэць УВК складалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Але насамрэч камісіі як і раней складаюцца з людзей, якія знаходзяцца ў працоўнай або службовай залежнасці ад кіраўніцтва камісій.
У 44 участковых камісіях не знайшлося месца нават для двух прадстаўнікоў адной апазыцыйнай партыі "Справядлівы Свет". Прычына адмовы - сумнеўныя пратаколы аб вылучэнні.
Што тычыцца стварэння ўчастковых камісій Маскоўскага раёна Брэста, а менавіта на тэрыторыі 2ой, 3-яй і 4-ай выбарчых акругах, то яно ажыццяўлялася з яшчэ большай таямніцай. Загадчыцца аддзела арганізацыйна-кадравай працы, яна ж сябра АВК-3, Аксана Дутчык называла толькі шлях вылучэння, нават не была названая лічба сябраў УВК па трох акругах, маўляў - "заўтра".
Калі назіральнік знаёміўся з матэрыяламі па вылучэнні ў склад УВК №31, то пабачыў, што ў камісіі з 18 сябраў большасць - работнікі СШ №10,вылучаныя рознымі шляхамі.
Амаль ніхто з прадстаўнікоў апазыцыйных партый не увайшоў у склад участковых камісій: з 22 вылучэнцаў БСДП (Грамада) , вылучаных па 2, 3 і 4 акругах, не прайшоў ні адзін; з 6 вылучэнцаў БПЛ "Справядлівы Свет" таксама ні адзін, а з 19 вылучэнцаў ПБНФ трапіў толькі 1.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.