Магілёў: Няма вопыту працы ў участковай камісіі – да пабачэння!
На пасяджэнні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва 1 кастрычніка былі створаныя 68 ўчастковых выбарчых камісій. Іх склад быў зацверджаны ў колькасці 15 сябраў.
Па інфармацыі доўгатэрміновага назіральніка па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84 Уладзіміра Краўчанкі, толькі ў 6 адкрытых УВК было вылучана па 16 прэтэндэнтаў (УВК №№ 14, 16, 22, 24, 66 і 67) і толькі па гэтых УВК галасавалі па кожным прэтэндэнту паасобку. У гэтым выпадку дакладчыца па кожнаму вылучэнцу да спосабу вылучэння давала яшчэ толькі адну дадатковую характарыстыку - наяўнасць ці адсутнасць вопыту працы ў выбарчых камісіях. І як толькі гучала, што ў прэтэндэнта адсутнічае вопыт працы ў камісіях, усе члены адміністрацыі аднагалосна галасавалі супраць.
Ніводнага кандыдата ад партый БНФ і АГП ў склад камісій не ўключылі, хаця Партыя БНФ накіроўвала 5 вылучэнцаў, а АГП – 13.
Двум прэтэндэнтам, якія вылучаліся ад выбаршчыкаў зборам подпісаў, было адмоўлена ва ўключэнні з прычыны няправільнага афармлення дакументаў.
На пытанне назіральніка “Які агульны працэнт сябраў УВК, якія ўпершыню былі ўключаныя ў іх склады і таму не маюць вопыту працы ва УВК, ад сумарнага колькасці ўсіх членаў УВК?", - прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна адказаць не змаглі.
На пярэчанне Краўчанкі аб тым, што Выбарчы кодэкс дазваляе ўключаць у склад УВК да 19 сябраў, і на пытанне, чаму ў 6 адкрытых УВК, у якія было пададзена па 16 заяў, не ўключылі ўсіх тых, хто падаў дакументы, бо такая адмова выклікае сумневы ў сумленнасці працы, ніякага ўцямнага адказу таксама не далі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.