Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Фарміраванне УВК у Смаргонскім раёне: адзінагалосна, без пярэчанняў

Другога кастрычніка на пасяджэнні Смаргонскага райвыканкаму зацверджаны колькасны і персанальны склад участковых выбарчых камісій на тэрыторыі раёна па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Пасяджэнне цягнулася 42 хвіліны. Цікава, што на 418 месцаў сябраў камісіі прэтэндавала роўна столькі ж грамадзян – 418. Па меркаванні назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алеся Дзергачова, гэта сведчыць пра тое, што працэс вылучэння ў камісіі цалкам кіраваўся уладай. Менавіта яна арганізавала вылучэнне ў камісіі патрэбнай колькасці прэтэндэнтаў. 172 чалавекі вылучаліся ад грамадзян, адзін працоўным калектывам, 245 – праўладнымі прафсаюзамі, грамадскімі аб’яднаннямі і адной праўладнай палітычнай партыяй. Дзелавыя якасці прэтэндэнтаў не абмяркоўваліся. Галасаванне праводзілася па спісах, ніводнага пярэчання не было.

Зыходзячы з ранейшага досведу неўключэння выканкамам у склад выбарчых камісій сваіх прадстаўнікоў, апазіцыйныя партыі гэты этап “выбарчай кампаніі” цалкам праігнаравалі.

Кідаецца ў вочы таксама велізарны гендэрны дысбаланс: з 418 сябраў камісіі 331 – жанчыны, або амаль 80%.

Не надае гонару Смаргонскаму райвыканкаму той факт, што просьба адзінага назіральніка Алеся Дзергачова аб прадстаўленні магчымасці азнаёміцца з пратаколамі, заявамі грамадзян аб накіраванні ў камісіі сваіх прадстаўнікоў, не была задаволена.

Паводле Алеся Дзергачова, на сайце райвыканкама анансавалася, што пасяджэнне адбудзецца першага кастрычніка, а па факту яго правялі другога.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары