Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэсцкі суд не задаволіў скаргу аб неўключэнні ў склад УВК старшыні "Справядлівага свету"

Людзміла Дзенісенка
Людзміла Дзенісенка

Старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет” Людзміла Дзенісенка абскардзіла сваё неўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі № 16 Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2 у судзе Маскоўскага раёна Брэста.

Нагадаем, што другога кастрычніка адбылося пасяджэнне адміністрацыі Маскоўскага раёна, на якім быў ухвалены склад участковых выбарчых камісій (УВК).

Толькі адзін вылучэнец з 47 прэтэндэнтаў на сяброўства ў амаль сотне камісій, вылучаных апазыцыйнымі партыямі, патрапіў у яе склад. Людзміле Дзенісенка было адмоўлена праз “адсутнасць інфармацыі аб досведзе працы ў выбарчых камісіях”.

Чацвёртага кастрычніка Людзміла Дзенісенка патлумачыла суду, што ёй незаконна адмовілі ва ўключэнні ў склад УВК  №16, прасіла суд змяніць рашэнне адміністрацыі і ўключыць яе ў склад выбарчай камісіі. У сваім выступе яна ўзгадала, што на мінулых парламенцкіх выбарах ўваходзіла як ва ўчастковую, так і ў акруговую камісію. Таму фармулёўка, агучаная на пасяджэнні адміністрацыі, “адсутнасць інфармацыі аб досведзе працы ў выбарчых камісіях” недарэчная.

У судзе адміністрацыю прадстаўляла Таццяна Клачкова, загадчыца аддзела арганізацыйна-кадравай працы, яна ж ўваходзіла ў склад “працоўнай групы”.

“Вы не цікавілісь маім досведам!” – сказала Людзміла Дзенісенка прадстаўніцы адміністрацыі ў судзе.

Таццяна Клачкова запярэчыла: “Я звярталася па інфармацыю ў Савет Ветэранаў і ў Маскоўскую адміністрацыю...”

“Але я не ўваходжу ў Савет Вэтэранаў і жыву ў Ленінскім раёне!” - не хавала свайго абурэння сябра апазыцыйнай партыі Людзміла Дзенісенка.

Суд заслухаў бакі, не знайшоў падстаў для задавальнення скаргі і пакінуў яе без задавальнення.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале.


Каментары