Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзевяць кандыдатаў на месца ў аршанскіх акругах?

Цяперашнія парламенцкія выбары могуць стаць рэкорднымі для Аршаншчыны па колькасці кандыдатаў, паведамляецца на сайце orsha.eu.

Акрамя збору подпісаў кандыдатам у дэпутаты можна вылучыцца яшчэ двума спосабамі: ад партый і ад працоўных калектываў. Так, па Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 26 свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі пяць кандыдатаў, а зараз да іх далучылася яшчэ чатыры вылучаных працоўнымі калектывамі і партыямі. Калі ўсе кандыдаты збяруць свае подпісы, то дзевяць кандыдатаў у дэпутаты стануць абсалютнай рэкорднай колькасцю за ўсю гісторыю выбараў у Аршанскім раёне.

Па Аршанскай гарадскога выбарчай акрузе №25 партыйным вылучэннем вылучана тры чалавекі, а ад працоўных калектываў - два чалавекі. Такім чынам, па гэтай акрузе ў лепшым выпадку будзе сем кандыдатаў, што для беларускіх выбараў таксама шмат.

Пройдземся па ўсім прэтэндэнтам, якія могуць патрапіць у выбарчыя бюлетэні. Акруга №25:

1. Дзмітрый Казлоў - вядомы як блогер "Шэры кот", працягвае збіраць подпісы праз пікеты, а па нашай інфармацыі атрымаў яшчэ і вылучэнне ад Партыі БНФ. Яго пікеты праходзяць вельмі ярка за кошт анлайн-трансляцый з іх і бел-чырвона-белага сцяга.

2. Аляксандр Школьнікаў - член аргкамітэта па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", лідэр якога Мікалай Статкевіч зараз ездзіць па ўсёй краіне і ўдзельнічае ў пікетах сваіх прыхільнікаў. Пабываў ён нядаўна і ў Оршы. Можна дадаць, што Школьнікаў пераважна робіць сумесныя пікеты разам з іншымі кандыдатамі.

3. Іна Крачак - відавочны праўладны кандыдат, які можа замяніць у дэпутацкім крэсле Дабрыніну. Кампанія яе - як і ў іншых праўладных кандыдатаў - праходзіць вельмі незаўважна. Збору подпісаў па кватэрах за Крачак заўважана не было, пікетаў ініцыятыўная група таксама не робіць.

4. Сяргей Пракапчук - сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які праводзіць даволі яркую кампанію. Акрамя частых пікетаў, на адзін з якіх прыязджалі і лідэры партыі, за Пракапчук даволі актыўна збіраюць подпісы і па кватэрах. Асаблівасць гэтага кандыдата ў тым, што падчас выбарчай кампаніі ён актыўна падымае і праблемы рэгіёну. Так, на пікетах паралельна збіраюць подпісы і супраць будаўніцтва смеццевага палігона ў Белева, а ў самым пачатку кампаніі Пракапчук правёў сустрэчу жыхароў льнокамбіната з чыноўнікамі па пытанні добраўпарадкавання парку прадпрыемства.

Ад партый тут былі вылучаныя:

5. Яўген Пазнякоў - член Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Гэтая партыя, як і на іншых выбарах, вылучае сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах, не асоба разлічваючы хоць на нейкі поспех. Хоць звычайна ўлады прапускаюць у парламент лідэра гэтай партыі, што хутчэй за ўсё здарыцца і ў гэты раз.

6. Сяргей Жудро - вылучаны праўладнай Камуністычнай партыяй. Жудро - старажыл ў Аршанскай палітыцы: на мясцовых выбарах яго вылучалі ў абласны савет дэпутатаў.

7. Мікалай Дзямідаў - пенсіянер, сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Па акрузе №26:

1. Віталь Чудовіч - дзеючы дэпутат, відавочны стаўленік уладаў на другі тэрмін.

2. Валерый Агеенка - машыніст чыгункі, які пры справядлівых выбарах мог бы стаць цікавым канкурэнтам Чудовічу ў барацьбе за галасы чыгуначнікаў (Чудовіч да дэпутацтва таксама працаваў на БЧ). Гэта незалежны кандыдат, які не звязвае сябе з ніякім партыямі, але кампанія яго праходзіць даволі ціха і малапрыкметна.

3. Вадзім Чарняўскі - фізрук з Барані. Яго выбарчая кампанія прыкметная яшчэ менш. Сумнеўна, што ён зможа зарэгістравацца кандыдатам, сабраўшы 1000 подпісаў. І калі на ўзроўні Барані ён даволі вядомая асоба, то для жыхароў іншых населеных пунктаў акругі аб Вадзіме Міхайлавічы мала што вядома.

4. Алена Кучынская - сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, але як кандыдат карыстаецца падтрымкай Руху "За свабоду". Яна вядомы ў рэгіёне грамадскі дзеяч, але менш чым за тыдзень да канца збору подпісаў таксама ствараецца ўражанне, што Алена наўрад ці будзе зарэгістраваная - сябры ініцыятыўнай групы былі мала прыкметныя падчас збору подпісаў.

5. Васіль Дымкоў - яшчэ адзін работнік фізічнай культуры, але на гэты раз з Копысі. Дымкоў добра вядомы ў спартыўным асяроддзі, сапраўды шмат што зрабіў для развіцця спорту, але ў дадзеным выпадку ён больш падобны на дублёра кандыдата ад улады. Тым больш, што на мясцовых выбарах ён ужо выконваў такую ​​функцыю.

Без збору подпісаў па гэтай акрузе пойдуць:

6. Дзмітрый Казлоў - але не той, які "Шэры кот", а проста поўны цёзка кандыдата па 25-ай акрузе. Ён вылучаны ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі. У дэмакратычных краінах такога кандыдата адразу б абвінавацілі, што ён паспрабуе заблытаць выбаршчыкаў, адабраўшы ад другога Дзмітрыя Казлова галасы, але ў Беларусі гэта не больш, чым простае супадзенне.

7. Антон Руголь - вылучаны ад праўладнай Камуністычнай партыі. Цікава, што сам Руголь працуе не вялікім начальнікам на «Легмашы», але калектыў «Легмаша» кандыдатам у дэпутаты высунуў іншага кандыдата.

8. Віталь Васюкоў - вось, каго вылучыў калектыў «Легмаша». Хоць сам Васюкоў не працуе на гэтым прадпрыемстве. З-за гэтага атрымліваецца цікавая сітуацыя: адміністрацыя завода не падтрымала кандыдата са свайго працоўнага калектыву - камуніста Руголя, але падтрымала дырэктара банка, якім з'яўляецца Васюкоў.

9. Віктар Калесніковіч - член праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Да Оршы гэты чалавек мае мала дачынення: жыве ў Мінскім раёне, працуе ў інстытуце правазнаўства, але партыйнае вылучэнне такое дазваляе.

Такім чынам, колькасць кандыдатаў вялікая, выбар ёсць, але ці будзе магчымасць рэальна выбіраць свайго кандыдата? Бо ў акруговыя выбарчыя камісіі Аршанскага раёна не патрапіў ні адзін прадстаўнік дэмакратычных арганізацый.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары