Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзіўнае рашэнне суда: пытанне аб неўключэнні прадстаўнікоў БНФ ва УВК павісла ў паветры

У панядзелак, 7 кастрычніка, амаль цэлы дзень у адным з залаў суда Слонімскага раёна разглядалася скарга кіраўніка Слонімскай рады БНФ “Адраджэнне” Паўла Севасцьяна. Скарга была паданая ў суд Слонімскага раёна на рашэнне Слонімскага райвыканкама па фармаванні УВК. 

Павел Севасцьян каля будынку Слонімскага суда
Павел Севасцьян каля будынку Слонімскага суда

У сваёй скарзе Павел Севасцьян прасіў Слонімскі суд прызнаць рашэнне райвыканкаму па фарміраванні ўчастковых камісіі незаконным і парушаючым правы заяўніка. Ён прасіў абавязаць выканкам прыняць новае рашэнне аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісій з уключэннем у іх склад прадстаўнікоў Слонімскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне”.

Слонімская арганізацыя БНФ вылучыла па адным сваім прадстаўніку ў склад дзесяці ўчастковых камісій. Аднак сябры Слонімскага райвыканкаму ніводнага прадстаўніка дэмакратычных сіл, якія маглі б удзельнічаць у працы камісій і прадухіліць магчымыя фальсіфікацыі, не ўключылі.

Інтарэсы заяўніка на судзе прадстаўляў Павел Севасцьян, яшчэ некалькі прадстаўнікоў грамадскай супольнасці выступалі як сведкі.

На разглядзе скаргі, які вёў старшыня Слонімскага раённага суда Аляксандр Ярмолік, высветлілася, што як мінімум тры ўчастковыя камісіі (Незалежнага ўчастка №10, Коласаўскага №12, Прырэчнага №26) у Слонімскім раёне сфармаваныя з парушэннем выбарчага заканадаўства. А менавіта пры зборы подпісаў за вылучэнне ажно 10-ці праўладных прадстаўнікоў у склад УВК, за іх падпісаліся людзі, якія не мелі права гэта рабіць. Заяўнікі скаргі рэзонна мяркуюць, што такіх парушэнняў значна больш. Прадстаўнікі ж райвыканкаму фактычна былі змушаныя прызнаць свае парушэнні выбарчага заканадаўства, але даводзілі, што скаргу заяўніка задавальняць усё роўна нельга.

У такой сітуацы і разгляд скаргі істотна зацягнуўся. Прадстаўніца пракуратуры заявіла, што патрэбны дадатковы перапынак. 

Разгляд справы працягнуўся восьмага кастрычніка. У выніку суддзя Ярмолік прыняў сапраўды ўнікальнае рашэнне. Суд прызнаў відавочнае парушэнне выбарчага заканадаўства з боку Слонімскага райвыканкаму пры фармаванні Незалежнай, Коласаўскай і Прырэчнай участковых выбарчых камісій. Ён пастанавіў адмяніць рашэнне ў частцы ўключэнне ў склад гэтых камісій дзесяці чалавек. 

Што датычыць непасрэдна скаргі Слонімскай арганізацыі БНФ, то суд у сваім рашэнні не адказаў заяўніку... нічога. Пры гэтым асноўны змест скаргі быў на незаконнае неўключэнне вылучаных прадстаўнікоў ГА "БНФ Адраджэнне" у склад участковых камісій.

Цяпер Слонімскі райвыканкам мусіць карэктаваць склад тых участковых выбарчых камісій, якія сфармавалі незаконна. А гэта значыць, альбо скарачаць колькасць сябраў камісій, альбо ўключаць туды іншых прадстаўнікоў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары