Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Маладзечна: другое папярэджанне за пікеты “Народнай грамады”

 Учора, 7 кастрычніка, быў апошні дзень, калі можна было збіраць подпісі за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Як паведаміў доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Эдуард Баланчук, 7 кастрычніка акруговая выбарчая камісія Маладзечанскай акругі №72 вынесла папярэджанне ініцыятыўнай групе актывіста “Народнай грамады” Уладзіміра Жахаўца.

Тады на пікет 3 кастрычніка прыйшлі сябры камісіі Славамір Зубрыцкі і Юрый Казановіч. Яны зрабілі фотаздымкі інфармацыйнага стэнда і выступа Мікалая Статкевіча. Але падставай для вынясення папярэджання сталі менавіта матэрыялы, паступіўшыя з Маладзечненскага РАУС. На пікеце, акрамя сябраў АВК №72, прысутнічалі міліцыянты ў цывільным, якія праводзілі відэаздымку.

Гэта ўжо другое папярэджанне Уладзіміру Жахаўцу. Першае было вынесена 3 кастрычніка за пікет, які праводзіўся на дзень раней.

“Пры правядзенні пікета выкарыстоўваўся інфармацыйны стэнд, які змяшчае частку інфармацыі і агітацыйныя матэрыялы, якія не адносяцца да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”,  – растлумачыла АВК №72 прычыны папярэджання ў рашэнні.

Паведамляецца, што ініцыятыўнай групе была зроблена вусная заўвага і растлумачаны нормы выбарчага заканадаўства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале


Каментары